Гарналыжнаму цэнтру "Сілічы" сёння спаўняецца роўна 10 гадоў

29 января 2015

У гэты дзень у 2005-м тут афіцыйна адкрылася першая траса. З тых часоў на горныя лыжы і снаўборд усталі больш за мільён беларусаў. А дзеля трукаў у адзіным на блізкім замежжы хафпайпе сюды прыязджаюць дзясяткі тысяч замежных спартсменаў. 10 гадоў тут вучаць стаяць на лыжах і снаўбордзе. У гарналыжнага цэнтра "Сілічы" сёння круглая дата. 

Дзень нараджэння беларускіх снежных схілаў - у рэпартажы Паліны Іванча.

29 студзеня ў гарналыжным комплексе "Сілічы" - звычайны працоўны дзень: ні торта, ні падарункаў, ні нават віншаванняў. А сёння - роўна дзесяць гадоў з таго моманту, як у Беларусі з'явіўся адзін з першых гарналыжных курортаў, па сутнасці, міжнароднага ўзроўню. Першыя трасы тады, адразу пасля ўрачыстай цырымоніі, ацаніў асабіста Прэзідэнт краіны. А далей, успамінаюць сёння супрацоўнікі спартыўнага цэнтра, была праца і толькі праца - абсалютна новая і з двайной адказнасцю.

І ўжо потым з'явіліся суперсучасны снаўпарк, хафпайп - адзіны ў Беларусі, ды і ва ўсім блізкім замежжы.

За 10 гадоў інструктары комплексу паставілі на горныя лыжы або снаўборд больш за мільён беларусаў. Кожны дзень сюды прыязджаюць катацца каля паўтысячы прыхільнікаў і нават фанатаў зімовых відаў спорту, у выхадныя гэтая лічба павялічваецца да трох тысяч.

А ледзь больш, чым праз тыдзень - у наступную нядзелю - тут пройдзе адкрыты чэмпіянат Беларусі па горных лыжах і снаўбордзе. Паўдзельнічаць у спаборніцтвах могуць усе ахвочыя, акрамя, зразумела, дзеючых спартсменаў. Заяўкі прымаюцца да 7 лютага. Па ўмовах, самым маленькім прэтэндэнтам на п’едэстал можа быць 12 гадоў, самым дарослым - больш як 55.

Па экстрым у Сілічы прыязджаюць з Расіі, Літвы, Латвіі, Украіны і нават Кітая. Катанні не спыняюцца аж да 1 красавіка. Пасля гэтага гарналыжны цэнтр ператвараецца ў летнюю базу адпачынку.

Людміла Пастарнакевіч, дырэктар Рэспубліканскага гарналыжнага цэнтра "Сілічы": "Сёлета праектуецца і будзе будавацца, акультурвацца наша возера, там будзе ўнікальная пляцоўка для адпачынку, з беларускай сялібай, беларускай карчмой".

Канкурэнцыю картынг-цэнтру ў барацьбе за спартыўны адрэналін складуць новы скаладром і аэрадынамічная труба. Заяўленыя праекты з'явяцца ўжо ў найбліжэйшыя два гады.