Чэмпіянат свету па фрыстайле сярод юніёраў у Раўбічах. Наш Дзмітрый Мазуркевіч узяў срэбра! Віншуем!

24 февраля 2018

І пачынаем з чарговага поспеху беларускай школы фрыстайлу. Гэтым разам на юніёрскім узроўні. Раўбічы сёння прымалі чэмпіянат свету па лыжнай акрабатыцы сярод спартсменаў да 20 гадоў. На ўзнагароды прэтэндавалі каля 50 спартсменаў з 8 краін. Сёлета турнір як ніколі сабраў наймацнейшых фрыстайлістаў.

У ліку расійскіх фрыстайлістаў - уладальнік Малога хрустальнага глобуса ў Кубку свету Максім Бураў. Моцны склад прывезлі швейцарцы і кітайцы. Гаспадары - беларусы - былі аднымі з фаварытаў спаборніцтваў. Дзмітрый Мазуркевіч выступаў у рангу чэмпіёна свету, а Павел Дзік летась выйграў срэбра. Абодва нашыя лыжныя акрабаты ўпэўнена прайшлі кваліфікацыю і першы фінал. Прычым спаборніцтвы праходзілі пры моцным марозе і парывістым ветры. Але гэта не перашкодзіла нашаму Дзмітрыю Мазуркевічу ў выніку выйграць срэбны медаль.

За бітвамі на схіле ў Раўбічах сёння ўважліва назіралі і нашы фрыстайлісты, якія днямі вярнуліся з Пхёнчхана. У тым ліку і алімпійская чэмпіёнка Ганна Гуськова. У нацыянальнай зборнай не сумняваюцца: у каманды годнае папаўненне, тым больш і для Дзіка, і для Мазуркевіча гэты год у юніёрскім фрыстайле апошні. У беларускім фрыстайле ёсць каму перамагаць у любым узросце.

Мароз і вецер не адпужаў і сапраўдных прыхільнікаў фрыстайлу. На трыбунах было горача - хварэлі, танцавалі, хваляваліся за нашых спартсменаў, адначасна ўспамінаючы і алімпійскія бітвы.