"Гонка легенд" вяртаецца. У Раўбічах да старту гатовыя знакамітыя біятланісты

18 февраля 2019

Тыдзень вялікага спорту пачынаецца! 7 дзён уся краіна будзе жыць біятлонам. Упершыню з 2004 года Беларусь прыме чэмпіянат Еўропы і праз тры гады "Гонка легенд" вяртаецца ў спарткомплекс "Раўбічы". У балельшчыкаў сёння ёсць унікальная магчымасць сустрэцца з тымі, хто неаднаразова паднімаўся на алімпійскі п'едэстал. Досыць падлічыць узнагароды роднага для нас тандэму - Дар'і Домрачавай і Уле-Эйнара Б’ёрндалена. Беларуска-нарвежскі дуэт выйграў 12 залатых медалёў на Алімпіядах на дваіх. Біятлонны фестываль пакуль не стартаваў, але ў "Раўбічах" з раніцы дзяжурыць здымачная група Агенцтва тэленавін. На прамой сувязі - наш карэспандэнт Крысціна Камыш (прамое ўключэнне).

 

Сёння ўсё склалася. Парадавала нябесная канцылярыя. Зараз у "Раўбічах" даволі камфортнае надвор'е - прыблізна плюс два. Аднак тыя балельшчыкі, якіх я бачыла, прыехалі ў спарткомплекс з пледамі і тэрмасамі. Гэта добрая парада для тых, хто толькі збіраецца сюды выязджаць.

Зразумела, што фанаты пакуль падцягваюцца на стадыён. Іх нямнога. Усё-такі панядзелак, рабочы дзень. Але ўпэўненая, што бліжэй да вечара ўсе трыбуны будуць запоўненыя. Да гэтага моманту завяршыўся майстар-клас зорак біятлона. А гэта 21 спартсмен, якія будуць удзельнічаць у "Гонцы легенд". Канферэнцыю чэмпіёны праводзілі для фіналістаў "Снежнага снайпера" і Кубка Беларускай федэрацыі біятлона. І спартсмены, а гэта каля 350 чалавек, былі проста ў захапленні.

Да 16:30 легенды біятлона будуць раздаваць аўтографы. У 17:00 адбудзецца цырымонія адкрыцця. У 17:50 запланаваны мас-старт сярод жанчын. У 18:15 у такой жа дысцыпліне выступяць мужчыны. А яшчэ праз паўгадзіны пройдзе змяшаная эстафета.

Ну і пра тых, хто будзе нас радаваць. Тут лепшыя: Сімона Хаўсвальд, Флоранс Баверэль, Фрудэ Андрэсен, Уле-Эйнар Б’ёрндален. І родныя для нас: Дар'я Домрачава, Надзея Скардзіна, Аляксандр Папоў, Алена Зубрылава і іншыя.

У 19:30 пройдзе цырымонія ўзнагароджання. І, пэўна, самы кранальны момант для ўсяго беларускага біятлона. Провады Дар'і Домрачавай і Надзеі Скардзіны з вялікага спорту. На дваіх гэтыя дзяўчаты заваявалі 20 медалёў толькі на Алімпійскіх гульнях, чэмпіянатах свету і Еўропы. Не закранаю ўзнагароды этапаў Кубка свету - проста баюся збіцца з ліку - іх вельмі шмат. Яшчэ хацелася б адзначыць, што на стадыёне арганізавана вялікая забаўная праграма - тут сапраўды не будзе сумна.

 Прамую трансляцыю "Гонкі легенд" будзе весці тэлеканал "Беларусь 5". Але, вядома, гэта лепш убачыць ужывую.