Глен Хэнлан вярнуўся ў Мінск

10 августа 2013

Трэнер, з імем якога звязаныя галоўныя поспехі ў беларускім хакеі на ўзроўні нацыянальных каманд, вярнуўся ў Мінск. Канадзец Глен Хэнлан кантракт з федэрацыяй падпісаў яшчэ ў чэрвені, але свае прамыя абавязкі пачынае выконваць толькі цяпер - бліжэй да старту сезона. Гэта ўжо трэцяе прышэсце спецыяліста, які ўзначальваў нашу каманду на чэмпіянатах свету ў 2005-м, 2006-м і 2009-м гадах. Андрэй Іваноў сустракаў настаўніка.


Гадзінная затрымка ў аэрапорце, звязаная з выдачай візы, на настроі трэнера не адбілася ніякім чынам. Павітаўшы журналістаў, канадзец усміхнуўся і пачаў настальгаваць.


Глен Хэнлан, галоўны трэнер зборнай Беларусі па хакеі: Вядома, я памятаю свой першы прылёт… 2005-ы год, незнаёмая краіна, каманда, з якой пасля мы перажылі шмат цудоўных момантаў.


8 гадоў таму кіраўнікі Федэрацыі хакея Беларусі змянілі вектар развіцця і запрасілі канадскага спецыяліста. І Глен Хэнлан змог даць вынік.


Цікаўны факт. З чалавекам, у чыіх жылах цячэ беларуская кроў, Хэнлан пазнаёміўся не ў зале перамоў, а менавіта на лядовай пляцоўцы. У далёкім 1979 годзе, быўшы галкіперам Ванкувера, Глен прапусціў шайбу ад маладога хлопца па імені Уэйн. Гэта быў дэбютны гол Уэйна Грэцкі - гульца, якога пасля прызнаюць лепшым хакеістам 20-га стагоддзя. Продкі ж яго жылі ў Гродзенскай вобласці.


Моцны матыватар, чалавек, які кардынальным чынам змяніў свядомасць гульцоў. Яго падыходы ў працы здзівілі. Расцяжкі ў раздзявалках, сумесныя пікнікі і гульні ў пейнтбол, паходы ў цырк. Гэта ён увёў у звычай абдымкі падчас выканання гімна, ды і сам імкнуўся падпяваць фанаграме. Ён заўсёды ладзіў з журналістамі і наогул запомніўся гэтакім душой-хлопцам. Ну а як па-іншаму, пасля такіх-та прэс-канферэнцый.


Хтосьці гаварыў: ён усяго толькі матыватар, але як спецыяліст-тактык - не такі моцны. Хэнлан, праўда, на ўсе ўколы адказваў перамогамі. 2006-ы год - 6-е месца на чэмпіянаце свету, 2009-ы - 8-е. У тым жа 2009-м яго звольнілі з Дынама. Ён палічыў, што і ў галоўнай камандзе яму не месца. І паляцеў… каб вярнуцца.


Кантракт з Хэнланам падпісаны па схеме 2 плюс 1. У найбліжэйшых планах трэнера - наведванне турніру Руслана Салея і вывучэнне сітуацыі ў чэмпіянаце Беларусі.