Галоўная сенсацыя еўрапейскага футбола

3 мая 2016

Клуб з 300-тысячнага горада стаў лепшым у наймацнейшым у свеце англійскім чэмпіянаце. Букмекеры, якія ў пачатку сезона прымалі стаўкі на перамогу "Лестэра" ў турніры, зараз падлічваюць страты. Каманда італьянскага трэнера Клаўдзіа Раньеры зрабіла немагчымае: абышла найбагацейшыя клубы з Лондана і Манчэстэра і ў наступным сезоне згуляе ў Лізе чэмпіёнаў. Пра тое, як казка стала быллю, сюжэт Паўла Капуцкага.

Гэта не футбольныя фанаты, хоць вельмі падобныя. Футбалісты "Лестэра" глядзелі матч "Тотэнхэм" - "Чэлсі" дома ў форварда Джеймі Вардзі.

Нічыя або перамога "Чэлсі" рабіла "Лестэр" чэмпіёнам датэрмінова, за два туры да канца. Балельшчык арыстакратаў усю гульню трымаў у руках невялікі банер з надпісам "Зробім гэта для Раньеры" (трэнер "Лестэра" ў мінулым працаваў з "Чэлсі"). Саступаючы 0:2, каманда Гуса Хідынка, якая ўжо не вырашала вялікіх задач, адправіла ў накаўт апошняга прэтэндэнта на трафей - "Тотэнхэм", 2:2. Галандскі трэнер амаль адразу пасля матча атрымаў званок ад калегі з "Лестэра".

Клаўдзіа Раньеры працаваў з "Атлетыка", "Чэлсі", "Ювентусам", "Ромам", "Інтэрам". З грандамі выйграць чэмпіянат не змог, а вось са сціплым "Лестэрам" чамусьці атрымалася. У якасці прэміі ён атрымае пяць мільёнаў фунтаў.

Балельшчыкі слаба сябе кантралююць і б'юць посуд. "Лестэр" перамагае ў чэмпіянаце ўпершыню за 132-гадовую гісторыю клуба. Апошнія 20 гадоў трафей выйгравалі выключна каманды з Лондана і Манчэстэра. Куды ўжо там гарадку з насельніцтвам у 330 тысяч чалавек.

Калі б у канцы лета, перад пачаткам сезона, вы вырашыліся паставіць на чэмпіёнства "Лестэра" адзін долар, то сёння маглі бы забраць пяць тысяч. Фантастычны каэфіцыент. Напрыклад, імавернасць таго, што лахнеская пачвара існуе, букмекеры ацанілі ў дзесяць разоў больш.

Адна з найбуйнейшых сусветных кантор - Уільям Хіл - прыняла ў кліентаў, якія пажадалі паставіць на "Лестэр", 58 фунтаў. Зараз будзе выплачваць сотні тысяч…

У гэты ж дзень, 2 мая, ураджэнец Лестэра Марк Селбі ў фінале чэмпіянату свету па снукеры абышоў кітайца Дзіна Джунху. І тут без футбольнага клуба не абышлося.

Падчас сезона "лісы" (так называюць гульцоў "Лестэра") абышлі "Манчэстэр Сіці", "Ліверпуль", "Чэлсі", "Тотэнхэм". Тытул чэмпіёна - заслужаны.

Аўстралійскі фанат клуба з брытанскімі каранямі Тоні Скефінгтан за 16 тысяч кіламетраў ад роднай каманды захоўваў веру да канца. Ён памёр ад раку, з якім змагаўся больш за год, не дажыўшы да чэмпіёнства нейкія два тыдні. У пачатку сезона ён папрасіў жонку паставіць на "Лестэр" два аўстралійскія долары (прыкладна паўтара амерыканскіх). Тая памылілася і паставіла 20. Здаецца, памылілася не проста так…

Цуды здараюцца, а немагчымае часам магчыма. У верасні "Лестэр" згуляе на групавым этапе Лігі чэмпіёнаў. Поспехі на ўнутранай арэне дазволяць ужо зараз павялічыць бюджэт і стаць бліжэйшым да "Арсенала", "Манчэстэр Сіці", "Чэлсі". Хоць ужо відавочна - грошы не галоўнае.