Генадзь Савілаў стаў новым кіраўніком Федэрацыі хакея Беларусі

28 июня 2018

Сёння ў Федэрацыі хакея Беларусі адбылася змена кіраўніка. Сямён Шапіра падаў у адстаўку. Яго месца ў выніку аднадушнага галасавання заняў Генадзь Савілаў - першы экс-хакеіст на гэтай пасадзе. У мінулым Савілаў гуляў за маскоўскі ЦСКА, мінскі "Керамін", "Гомель", "Дынама-Мінск", жлобінскі "Металург". Новы старшыня федэрацыі скончыў кар'еру прафесійнага гульца 8 гадоў таму. Якія змяненні будуць у беларускім хакеі, раскажа Крысціна Камыш.

Сезон 2017/2018 завяршыўся сумна для беларускага хакея. Спачатку моладзевая зборная вылецела з эліты, а следам і нацыянальная. Каманда пад кіраўніцтвам Льюіса і Пушкова прайграла ўсе сем матчаў на групавым этапе чэмпіянату свету ў Даніі. Не набрала ніводнага бала. Як вынік - апошняе месца ў актэце і вылет у першы дывізіён. Дагэтуль беларусы 13 гадоў запар захоўвалі прапіску ў эліце.

На сённяшняй справаздачнай канферэнцыі федэрацыі за гэты вынік зборнай адказнасць на сябе ўзяў Сямён Шапіра.

Сямён Шапіра, экс-старшыня Федэрацыі хакея Беларусі:

"Я як мужык прымаю рашэнне. Я таксама нёс за гэта адказнасць. Можа быць, трэба было Льюіса вызваліць. Можа быць, трэба было новага трэнера ўзяць. Можа быць, патрэбная была жорсткая дысцыпліна. Але не атрымалася”.

Новым старшынёй аднагалосна абраны Генадзь Савілаў. Яму амаль 42 гады, раней выступаў за зборную на пазіцыі форварда. Функцыянер адзначыў, што першачарговай задачай федэрацыі павінна стаць прызначэнне новага галоўнага трэнера нацкаманды. Спіс кандыдатаў ёсць. У прыярытэце не іншаземцы.

Генадзь Савілаў, старшыня Федэрацыі хакея Беларусі:

"Задача - трапіць на Алімпіяду. Гэта агучвалі на ўсіх узроўнях. Гэтую задачу ніхто не здымае. Наш хакей павінен вярнуцца ў склад удзельнікаў Алімпійскіх гульняў і па колькасці, і па якасці гульні, каб мы бачылі, што мы на Алімпіядзе не статысты".

Пераасэнсуюць супрацоўніцтва федэрацыі і мінскага "Дынама". Чакаецца, што ў клуба і арганізацыі будзе адзін наглядальны савет.

Рэформа беларускага хакея застаецца ў сіле. Нагадаем, чэмпіянат будзе падзелены на два дывізіёны. Устаноўлены максімальныя і мінімальныя зарплаты для гульцоў і трэнераў. Уведзены ўзроставыя ліміты. Таксама ў Баранавічах, Бабруйску, Оршы і Пінску з'явяцца клубы.

Зусім хутка старт новага сезона ў беларускім хакеі. У пачатку жніўня Кубак Руслана Салея, а ў верасні пачатак Экстралігі.