Футбольныя балельшчыкі ў прадчуванні новага супрацьстаяння каманд "Зеніт" і "Дынама-Мінск"

15 августа 2018

Ці чакаць чарговай сенсацыі ад нашых? Даведаемся ўжо менш чым праз суткі.

Заўтра "дынамаўцам" галоўнае захаваць гульнявы тонус і баявы настрой. Бо на матчы ў Мінску быў зроблены сур'ёзны зачын. Расійскі гранд быў пабіты - 4:0. І, дарэчы, гэты вынік стаў самым сенсацыйным і ва ўсёй лігаеўропаўскай кампаніі. Матч у Пецярбургу чакае і наш спартыўны аглядальнік Андрэй Казлоў.

У нас тры месяцы зімы. Астатняе - восень. Вось так гавораць у Санкт-Пецярбургу. І наша здымачная група ў гэтым паспела ўпэўніцца. Пасля гарачага Мінска мы акунуліся ў атмасферу горада, над якім навіслі цяжкія свінцовыя хмары. Але сапраўды магу сказаць, што гэта не стане дадатковым фактарам поспеху для каманды. Па-першае, нашы футбалісты ў выдатным гульнявым тонусе, клуб нават не пераносіў нядзельную сустрэчу Кубка краіны супраць "Мінска", у якой перамог. А па-другое, Сяргей Гурэнка не дасць ні кроплі расслаблення сваім гульцам - мы ў гэтым таксама паспелі ўпэўніцца.

Стадыён "Пятроўскі" сёння на працягу дня рыхтавалі да заўтрашняга матча Лігі Еўропы. Як вядома, гэта не асноўная арэна "Зеніта", і сустрэча пройдзе без гледачоў. Такое пакаранне - ад УЕФА, галоўнай футбольнай арганізацыі Еўропы. Прычына - у парушэнні правіл паводзін балельшчыкаў на гульні "Зеніта" і "Лейпцыга" ў мінулым сезоне.

Але гульня супраць "Дынама" цалкам пры пустых трыбунах не пройдзе. Яшчэ ў пачатку тыдня мінскае "Дынама" выступіла з заявай на афіцыйным сайце.

Так, паводле рэгламенту, балельшчыкі гасцей не могуць быць пакараныя і атрымаюць магчымасць убачыць гульню ўжывую.

Сёння ж да поўдня футбалісты мінскага "Дынама" вылецелі з Нацыянальнага аэрапорта Мінск у Санкт-Пецярбург. Без Арцёма Салаўя і Максіма Жаўнерчыка. Але з камандай адправіліся героі першай сустрэчы - Ураш Нікаліч, Ніна Галавіч, Уладзімір Хвашчынскі і, вядома, Андрэй Гарбуноў.

Тую выдатную гульню "Дынама", якой пазайздросціла і "Барселона", хочацца ўспамінаць дагэтуль. Беларусы проста, як гавораць на футбольным слэнгу, раскачалі дарагіх гульцоў "Зеніта" па полі стадыёна "Дынама". Лік тады быў фантастычны - у нашых гульцоў атрымлівалася абсалютна ўсё.

Гэта самыя свежыя кадры - паводле рэгламенту УЕФА, занятак мінскага "Дынама" быў адкрытым у першыя 15 хвілін для журналістаў. Цікавасць расійскай прэсы была вышэйшай за сярэднюю - усім хацелася ўбачыць, што за футбалісты разбілі адзін з самых тытулаваных клубаў Расіі.

Сяргей Гурэнка быў вельмі акуратны ў перадматчавых выказваннях. Але гульня для яго асаблівая і па той прычыне, што на стадыёне "Пятроўскі" ён не раз выходзіў у футболцы маскоўскага "Лакаматыва".

Матч пройдзе заўтра тут, на галоўным полі стадыёна "Пятроўскі". Пачатак у 20 гадзін. Мінскае "Дынама" вельмі блізкае да выхаду ў раўнд плэй-оф Лігі Еўропы, аднак у футболе здараліся і не такія камбэкі. Трэба быць вельмі ўважлівымі і сканцэнтраванымі.