Футбаліст брэсцкага "Дынама" Максім Вітус адкрыў у родным Ваўкавыску фітнес-цэнтр

20 февраля 2018

Малая радзіма, куды прыязджаюць не проста ў госці. Футбаліст брэсцкага "Дынама" Максім Вітус адкрыў у родным Ваўкавыску новы сучасны фітнес-цэнтр. Спартыўны аб'ект працуе ўсяго некалькі тыдняў, але ўжо паспеў заваяваць сімпатыі гараджан і стаць модным месцам. Як беларускі футбаліст прывучае землякоў да здаровага ладу жыцця, і што думаюць самі жыхары Ваўкавыска аб новым фітнес-цэнтры? У рэпартажы Дзмітрыя Смірнова.

Свае першыя галы Максім Вітус забіваў менавіта ў гэтыя вароты. У Ваўкавыскай СДЮШАР і сёння памятаюць футбаліста-пачаткоўца, які "знікаў" на гэтым полі і хварэў на гэтых трыбунах за мясцовую каманду яшчэ хлапчуком. Ды і сам Максім, сёння ўжо гулец брэсцкага "Дынама", стоячы на родным стадыёне, прызнаецца: успаміны аб дзяцінстве самыя дарагія.

Максім з'ехаў з Ваўкавыска ў 2007-м у мінскі "Партызан". Пазней стажыраваўся ў шатландскім футбольным клубе, гуляў за гродзенскі "Нёман", выходзіў на поле ў матчах групавога этапу Лігі Еўропы і паспеў забіць іспанскаму "Вільярэалу". Але, нягледзячы на ўсю геаграфію, малая радзіма не адпускае Максіма. Карані трымаюць моцна.

Сваю малую радзіму Максім Вітус змяняе сам. І дзе б ні праходзіла апошняя гульня, дзе б ні праходзілі зборы - адразу пасля ён вяртаецца сюды, дамоў, у Ваўкавыск.

Зараз з родным горадам Максім звязаў і свой бізнес. У лютым разам з жонкай і братам ён адкрыў тут фітнес-цэнтр.

Аляксандра - жонка Максіма - дык і зусім смяецца: гаворыць, што ў апошнія месяцы амаль пераехала з сталіцы ў Ваўкавыск. Пакуль муж быў на зборах, сама стала будаўніком: вешала баксёрскую грушу ў зале, уладкоўвала раздзявалкі ў фітнес-цэнтры, нават вешала паліцы. Увогуле, бізнес-праект для малой радзімы адразу апынуўся і сямейнай справай.

Фітнес-цэнтр Максіма стаў 3-м у Ваўкавыску. Ад ідэі да яго адкрыцця прайшло паўтара года. Адзін з бізнесменаў прапанаваў для праекта прасторныя квадратныя метры ў цэнтры горада. Першыя наведвальнікі ўжо ацанілі новы спартыўны цэнтр.

Дарэчы, персанал фітнес-цэнтра - гэта мясцовыя жыхары. Некаторыя спецыяльна вярнуліся ў Ваўкавыск, каб атрымаць тут працу.

Ідэю свайго выпускніка падтрымліваюць і ў спартыўнай альма-матар Максіма - Ваўкавыскай СДЮШАР. Зараз тут займаюцца амаль 400 чалавек. Працуюць два аддзяленні - дзюдо і лёгкай атлетыкі.