Фрыстайліст Аляксей Грышын прыляцеў у Сочы

6 февраля 2014

Некалькі гадзін таму ў сталіцу зімовых Алімпійскіх гульняў прыляцеў і сцяганосец беларускай зборнай на цырымоніі адкрыцця - фрыстайліст Аляксей Грышын. Дзеля гэтай ганаровай місіі алімпійскі чэмпіён Ванкувера адкарэкціраваў свае планы і скараціў перадалімпійскі збор у Фінляндыі. Для Грышына гэтая Алімпіяда стане пятай у кар'еры. На гэтых Гульнях наш лыжны акрабат плануе паўтарыць вынік Максіма Мірнага, які быў сцяганосцам Гульняў у Лондане і стаў алімпійскім чэмпіёнам, праўда, у міксце.


Алімпійскія спаборніцтвы пачаліся ўжо сёння. Першымі ў барацьбу ўступілі прадстаўнікі слоўпстайла, якія вызначылі фіналістаў турніру, і могула. Менш чым праз гадзіну ў Сочы пачнецца і першы ў гісторыі зімовай Алімпіяды камандны турнір па фігурным катанні. З кароткай праграмай выступяць мужчыны і спартыўныя пары.


Беларусы дэбютуюць на Гульнях у суботу - мужчыны ў біятлоне выступяць у спрынтарскай гонцы.