Французскае антыдопінгавае агенцтва не мае прэтэнзій да беларускіх весляроў

21 января 2017

У французаў няма прэтэнзій! Антыдопінгавае агенцтва гэтай краіны апавясціла наш Нацыянальны алімпійскі камітэт, што чатыры з пяці беларускіх весляроў, якіх падазравалі ва ўжыванні допінгу падчас вясновага збору, не вінаватыя.

Гэта браты Андрэй і Аляксандр Багдановічы, Аляксандр Ляпешка і Дзмітрый Хільчанка. Застаецца адзін Максім Пятроў, у якога было нязначнае перавышэнне па мельдоніі. Нагадаем, Міжнародная федэрацыя каноэ адхіліла ад Алімпіяды ў Рыа ўсю мужчынскую каманду Беларусі. Планавалася, што нашы весляры ў Бразіліі заваююць два-тры медалі.

Канчатковае рашэнне наконт правамернасці адхілення нашай мужчынскай каманды па веславанні на байдарках і каноэ ад Алімпіяды 27 студзеня вынесе Міжнародны арбітраж у швейцарскай Лазане.