Фінляндыя і ЗША згуляюць матчы з аўтсадарамі

16 мая 2014

Рэкорд мінскага чэмпіянату свету па выніковасці.


Чарговы сюрпрыз у выкананні каманды Латвіі і гульня на роўных зборнай Беларусі супраць бронзавых прызёраў сочынскай Алімпіяды - хакеістаў Суомі. На планетарным форуме прайшлі паядынкі чацвёртага тура. Падрабязнасці з лядовых арэн у Алены Гарэльчык.



Пасля двухдзённага перапынку на лёд Мінск-Арэны вярнулася зборная Беларусі. Каласальная падтрымка і байцоўскі настрой хакеістаў. Беларусы большую частку часу валодалі ініцыятывай, часта гулялі ў большасці і стваралі небяспечныя моманты. Месца ў варотах Глен Хэнлон даверыў дэбютанту зборнай у афіцыйны матчах Кевіну Лаланду.


Сухім дэбют для Лаланда не атрымаўся. Нашы прапусцілі ў першым перыядзе. І гэтая шайба, як аказалася пасля, перадвызначыла зыход усяго матча.


Нягледзячы на магутную серыю атак на вароты Пека Рыне беларусы так і не змаглі адгуляцца. Нашы пайшлі па-банку і знялі варатара, але прапусцілі яшчэ адну шайбу.


Латышы зноў здзівілі. Хто мог прадбачыць, што ў матчы Латвіі і ЗША зорна-паласатыя на працягу ўсяго паядынку будуць даганяць, але так і не дагоняць сваіх сапернікаў. Але здарылася ж! Прыбалты перагулялі маладую і амбіцыйную амерыканскую каманду з лікам 6:5. Столькі шайб у адным матчы чэмпіянату свету ў Мінску пакуль не закідвалі.


Вынік з пункту погляду турнірнага становішча галоўнага трэнера нашай зборнай Глена Хэнлана не засмуціў.


На Чыжоўка-Арэне канадцы разышліся бліжэй да другой паловы матча з датчанамі, разграміўшы саперніка з лікам 6:1, а вось шведы - дзеючыя чэмпіёны свету - ледзь справіліся з французамі 2:1.


Гэтая перамога дазволіла зборнай Швецыі ўзначаліць турнірную табліцу групы А. У групе B лідзіруюць расіяне. На другім месцы прыбалты, адразу ў трох каманд - ЗША, Фінляндыі і Беларусі - па 6 балаў. Сёння фіны і амерыканцы паспрабуюць палепшыць свае турнірныя пазіцыі. А на Чыжоўка-Арэне лідары згуляюць з пакуль аўтсайдарамі.