Фінал Кубка Федэрацыі. Транляцыю ўбачаць у 157 краінах свету

11 ноября 2017

Самая чаканая падзея для аматараў тэніса Беларусі. Сёння наша жаночая зборная штурмуе самую высокую вяршыню - фінал Кубка Федэрацыі. Па сутнасці, гэта чэмпіянат свету сярод зборных. І ў адрозненне ад суперніц-амерыканак нашы дзяўчаты ў гэтым прэстыжным турніры яшчэ не перамагалі. Аб спартыўным паядынку года - Павел Капуцкі.

Беларусь - ЗША. Больш гучную і прывабную для гледачоў афішу прыдумаць цяжка. Статус суперніц і ўзровень падзеі - гэта галоўныя прычыны, чаму білетаў на тэніс даўно няма ў продажы - раскупленыя. І не так важна, што галоўныя зоркі - Вікторыя Азаранка і Серэна Уільямс - у Мінск не прыехалі.

Да гэтага каманды ЗША і Беларусі сустракаліся адзін раз. У 2012 годзе амерыканкі дома перамаглі 5:0. Рэйтынг суперніц зараз таксама вышэйшы, таму букмекеры больш вераць у "зорна-паласатых". Каэфіцыент на перамогу каманды Эдуарда Дуброва перавышае тры. Напярэдадні ў гарадской ратушы прайшла жараб'ёўка. У першы гульнявы дзень (гэта значыць сёння) першымі на корт выйдуць Аляксандра Сасновіч і 10-я ракетка планеты Кока Вандэвей. Арыну Сабаленку чакае сустрэча са Слоўн Сцівенс.

У рэйтынгу жаночых зборных Беларусь займае другое месца ў свеце, саступаючы толькі Чэхіі. Каманда ЗША на трэцім радку. Тэлемалюнак з "Чыжоўка-Арэны" ўбачаць у 157 краінах свету. Асвячаць фінал Кубка Федэрацыі з Мінска будуць 120 журналістаў.

Самыя свежыя навіны і каментарыі ў інфармацыйных выпусках "Беларусь 1" і ў "Панараме". Для тых, хто не паспеў купіць білеты, сёння прамая трансляцыя паядынка ў 14:30 на "Беларусь 5". Заўтра матчы пачнуцца на паўгадзіны раней.