Федэрацыя хакея Беларусі чакае тлумачэнняў ад Міжнароднай федэрацыі і кіраўніцтва аргкамітэта ЧС-2017

4 мая 2017

Федэрацыя хакея Беларусі ў сувязі з вобыскам нашай зборнай у Парыжы накіравала афіцыйныя лісты ў Міжнародную федэрацыю на імя Рэнэ Фазеля і кіраўніцтва арганізацыйнага камітэта чэмпіянату свету - 2017 для атрымання тлумачэнняў. Пра гэта паведаміў генеральны сакратар беларускай федэрацыі Яраслаў Заўгародні.

Нагадаем, нашы спартсмены прыехалі ў сталіцу Францыі на чэмпіянат свету. Аднак прама на пероне французская мытня правяла надгляд. Як каменціруюць відавочцы, даволі жорсткі. У рэчах урача нашай зборнай перагледзелі ўсе таблеткі і ампулы. Найбольш дэталёва правяралі Дэйва Льюіса, Крэйга Вудкрафта і Алега Антоненку, Ягора Шаранговіча і Андрэя Касціцына.

Яраслаў Заўгародні, генеральны сакратар Беларускай федэрацыі хакея: "Асабліва мне крыўдна за хлопцаў, якія ўпершыню паехалі на ЧС. Ягор Шаранговіч або Когалеў, вядома, яны відавочна чакалі чагосьці іншага. Не чырвоную дарожку, але, вядома ж, хацелася больш яркіх уражанняў. Больш за ўсё расчароўвае той факт, што, па сутнасці, паводле нашай інфармацыі на сённяшні момант, адзіная каманда, якая сутыкнулася вось з такім беспрэцэдэнтным надглядам, асабістым надглядам з прыдзіркамі, стала толькі зборная Беларусі. З боку французскай Федэрацыі хакея, трэба адзначыць, літаральна 15 хвілін пасля інцыдэнту да нас патэлефанаваў прэзідэнт Федэрацыі хакея Францыі. Ён прынёс свае прабачэнні, ён таксама быў у шоку, таксама як нашы трэнеры і хакеісты, таму што ён зусім не чакаў, што такое магчыма".

На гэтым фоне ўжо заўтра зборная Беларусі стартуе на чэмпіянаце свету. Дружына Дэйва Льюіса згуляе з камандай Фінляндыі. І як стала толькі што вядома, кіраўніцтва аргкамітэта чэмпіянату напісала афіцыйны ліст з прабачэннямі ў адрас беларускай дэлегацыі. Цікавіўся, як ідуць справы ў нашай каманды і Рэнэ Фазель. Нагадаем, МЗС нашай краіны ў сувязі з вобыскам беларускай зборнай выклікаў для тлумачэнняў пасла Францыі Дідзье Канеса.