Этап Кубка свету па веласпорце ў Мінску. Яўген Каралёк выйграў золата ў скрэтчы

2 ноября 2019

Пераможныя навіны прыйшлі сёння са сталічнага велатрэка, дзе працягваецца першы ў сезоне этап Кубка свету па веласпорце. Яўген Каралёк - лідар мужчынскай беларускай зборнай выйграў золата ў сваёй кароннай дысцыпліне - скрэтчы. І фінал, і кваліфікацыя ў гэтым відзе праграмы прайшлі ў адзін дзень. У вырашальны заезд беларус адабраўся без асаблівых праблем. З самага пачатку гонкі Каралёк быў на першых ролях. Сапернікі заўсёды па-асабліваму настройваюцца на беларуса. Аднак у гэтай гонцы роўных Яўгену не знайшлося. За два кругі да фінішу Каралёк выйшаў у лідары і сваю перамогу ўжо не аддаў нікому. Гэты медаль для беларускай зборнай - другі, заваяваны на хатнім старце. Напярэдадні Таццяна Шаракова выйграла бронзу ў групавой гонцы па ачках.

Заўтра велагоншчыкі разыграюць 5 камплектаў узнагарод

У трэці заключны дзень этапа Кубка свету велагоншчыкі разыграюць 5 камплектаў узнагарод. Беларускім балельшчыкам варта звярнуць увагу на жаночы омніум, а таксама два мэдзісаны. Усе тры дысцыпліны алімпійскія, і пройдуць з удзелам нашых спартсменаў. Дарэчы, мужчынскі мэдзісан - самая доўгая гонка на вынослівасць. Велагоншчыкам, а ў кожнай камандзе па два чалавекі, трэба будзе пераадолець 200 кругоў. Хуткасці ў гэтай гонцы, вядома ж, будуць не самыя высокія, у параўнанні са спрынтам. У Мінску дзяўчаты ў гэтай дысцыпліне разганяліся да 62 км/г.

Дарэчы, цікавы факт! У трэкавых веласіпедаў спрэс адсутнічаюць тармазы. А адрозніць такі веласіпед ад шашэйнага можна проста, кінуўшы погляд на колы. У трэкавых ніколі не бывае спіц, ды і самі колы намнога танчэйшыя. Сусветны рэкорд у гонках на трэку належыць немцу Енсу Войту: ён цэлую гадзіну, не змяняючы хуткасці, ехаў роўна 51 кіламетр за гадзіну.