Эстафета "Полымя міру" працягвае шлях па краінах Еўропы

8 мая 2019

Агонь II Еўрапейскіх гульняў сёння ўбачылі ў Славеніі - эстафета "Полымя міру" працягвае шлях па краінах Еўропы, і сёння перасекла Альпы - менавіта Любляна прадоўжыла  гэты сімвалічны забег, які мы чакаем у Беларусі 12 мая. Адным з факеланосцаў у гэтай краіне стаў трыумфатар I Еўрапейскіх гульняў у Баку Сашо Бертанцэлі. Наступны этап - Вена. Усе дэталі - у рэпартажы Андрэя Казлова. 

Эстафета "Полымя міру" працягвае свой шлях у Беларусь. За спінай  цырымонія запальвання агню II Еўрапейскіх гульняў у Рыме, яго шлях са сталіцы ў альпійскі Курмаер. І, нарэшце, такі дзіўны момант - факел спаборніцтваў ужо быў на вяршыні гары Манблан. І зараз знаходзіцца ў альпійскім перадгор'і  ў Славеніі.

З факелам на вуліцах Любляны  ганаровы консул Беларусі ў Славеніі Янез Шкрабац, ён дэбютуе з такой адказнай місіяй. Адразу нам прызнаецца, што дадатковы груз факела не цяжкі зусім. А чэмпіянат свету па хакеі, які прайшоў у нас у 2014-ым, успамінае дагэтуль.

Калі працягваць хакейную тэму, то на ўрачыстай прэзентацыі II Еўрапейскіх гульняў сустракаем Чрта Сноя. Знаёмага нам па выступленнях на традыцыйным Калядным турніры аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Беларусі. Сёлета разам са сваім братам у адным звяне ён выступаў у складзе каманды Балкан, стаўшы адным з самых дзейсных гульцоў. Па нашай спартыўнай атмасферы ўжо змаркоціўся. Чакае з нецярпеннем і II Еўрапейскія гульні. 

Чрт Сной, нападаючы каманды Балкан на Калядным турніры - 2019: "Славенія і Беларусь, спартыўныя дзяржавы, аб гэтым гавораць вынікі нашых краін на міжнароднай арэне. У студзені мне вельмі спадабалася ў Мінску, Калядны турнір быў арганізаваны на вышэйшым узроўні, ні на хвіліну не сумняваюся, II  Еўрапейскія гульні таксама пройдуць цудоўна. Як бачыце,  эстафета выклікала вялікую цікавасць у Любляне, упэўнены,  у чэрвені ў Мінску будзе шмат гасцей".

Дзеля гэтай падзеі перакрылі вуліцы славенскай Любляны. І ўжо  зараз чэмпіён Еўрапейскіх са  Славеніі падыходзіць да таго месца, дзе будзе прэзентавана наша краіна як гаспадыня найбліжэйшага мультыспартыўнага форуму.

Ганаровы консул Беларусі ў Славеніі Янез Шкрабац перадае эстафету славенскаму спартсмену Сашо Бертанцэлі, які ў 2015-ым у Баку на I Еўрапейскіх гульнях  стаў першым у спартыўнай гімнастыцы! Таму ўдзел у такой  цырымоніі для яго асаблівы ўдвая.

Сама цырымонія прайшла ва ўтульным антуражы, прама на даху аднаго з будынкаў у цэнтры Любляны. І нават талісман II Еўрапейскіх гульняў,  Лёсік,  знайшоў агульную мову з іншым лісам - Фоксі, які з'яўляецца маскотам НАКа Славеніі. Душэўнасці мерапрыемству надаў дзіцячых хор, які акапэльна выканаў песні са славянскага фальклору і вядомыя сусветныя хіты.

Прапусціць такую цырымонію не мог і  кіраўнік Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Янез Качыянчыч. Па-першае, па той прычыне, што Еўрапейскія гульні ў Беларусі становяцца ўсё бліжэй. Па-другое, Славенія для функцыянера - родная краіна.

Пасля славенскай Любляны, якая цёпла прыняла нашу дэлегацыю, агонь ІІ Еўрапейскіх гульняў адпраўляецца ў Вену. А 12 мая яго чакаюць у Беларусі.