Эстафета "Полымя міру" пачынае падарожжа па Мінску ад Нацыянальнай бібліятэкі

18 июня 2019

Лічаныя хвіліны застаюцца да старту эстафеты "Полымя міру" ля  Нацыянальнай бібліятэкі, адкуль факеланосцы прабягуць прама па галоўным праспекце Мінска. Іх, дарэчы, будзе амаль паўсотні. Гэта спартсмены сусветнага ўзроўню, артысты эстрады, дзеячы мастацтва. Маршрут да Кастрычніцкай плошчы яны пераадолеюць менш чым за дзве  гадзіны. Увянчаецца "палымяны прабег" гала-канцэртам. 

І ўжо зараз на прамую сувязь са студыяй выходзіць Юлія Токар. Яна знаходзіцца ля Нацыянальнай бібліятэкі і гатова распавесці, хто ж адкрые эстафету агню ІІ Еўрапейскіх гульняў у сталіцы.

Полымя, якое сцірае  межы паміж Мінскам і Рымам і аб'ядноўвае тысячы неабыякавых людзей па ўсім свеце,  тут, у Мінску, ля Нацыянальнай бібліятэкі. Ужо   пачалася ўрачыстая цырымонія адкрыцця эстафеты. Захавальнікаў агню сустракаюць артысты Вялікага тэатра і юныя балерыны - яны падрыхтавалі харэаграфічную пастаноўку са спартыўным каларытам.

Невыпадкова "палымяны прабег" адкрывае  алімпійская чэмпіёнка ў жаночай эстафеце ў Пхёнчхане - гонар біятлона Надзея Скардзіна.

Вось так агонь яркіх перамог у руках Надзеі пачне азараць праспект Незалежнасці. Эстафету падхопіць спявак Аляксей Хлястоў. Змяняць факеланосцы будуць адзін аднаго кожныя дзве хвіліны. І такім чынам маршрут да Кастрычніцкай плошчы пераадолее паўсотні праслаўленых  беларусаў. Сярод якіх   асобы і касмічнага ўзроўню - Алег Навіцкі на дыстанцыю выйдзе на першым кіламетры.

На фінішы ў 14:00 на Кастрычніцкай эстафету сустрэнуць артысты ансамбля танца "Харошкі", яны падрыхтавалі цудоўны  канцэрт. Пасля абеда "Полымя міру" чакаем на Макаёнка, 9  у Белтэлерадыёкампаніі. А ўжо заўтра эстафету падхопяць прамысловыя гіганты сталіцы. Таксама агонь зазірне ў вёску атлетаў і ў Тэатр оперы і балета.  Так што сустракайце "Полымя міру" на вуліцах Мінска,  дарыце сваю энергію і падтрымку нашым спартсменам і станавіцеся часткай Вялікага свята. 

Нагадаем, што на І Еўрапейскіх гульнях у Баку мы заваявалі 43 медалі, з іх 10  залатых. І ў сябе дома нам нічога не перашкаджае  толькі палепшыць гэты вынік!

Юлія Токар сочыць за эстафетай сімвалічнага агню. А мы рыхтуемся яго сустракаць у сценах Белтэлерадыёкампаніі! Самыя яркія моманты гледачы тэлеканала "Беларусь 1" змогуць убачыць у "Навінах" і "Панараме". А анлайн-стрымы - у групах Агенцтва тэленавін у сацсетках.