Кацярына Карстэн прыехала для ўдзелу ў Кубку краіны па акадэмічным веславанні

11 мая 2013

Першая ў гісторыі суверэннай Беларусі алімпійская чэмпіёнка  Кацярына Карстэн рыхтуецца да сваіх сёмых Гульняў, якія праз тры гады прыме Рыа-дэ-Жанэйра. Зараз беларуска жыве і трэніруецца ў Германіі. На радзіму прыехала для ўдзелу ў Кубку краіны. А заадно нараджэнка Крупскага раёна прыгледзелася да моладзі, каб зразумець, ці ёсць у яе годная змена. Ужо ў канцы мая ў Заслаўі пройдзе чэмпіянат Еўропы па акадэмічным веславанні сярод юніёраў.


 


Расказвае Павел Капуцкі. За пяць апошніх гадоў гэта будзе ўжо трэці буйны форум, які прымае Беларусь. У 2009 у Брэсце прайшоў чэмпіянат Еўропы. Праз год там жа спаборнічалі спартсмены з усяго свету ва ўзросце да 23 гадоў.


Канал у Заслаўі адказвае міжнародным стандартам. Тут можна праводзіць спаборніцтвы па веславанні акадэмічным, а таксама на байдарках і каноэ (той самы від,  які прыносіць нам медалі на Алімпіядзе рэгулярна).


Лёд растаў толькі некалькі тыдняў таму, але канал ужо падрыхтаваны да юніёрскага чэмпіянату Еўропы. Зараз праходзіць адбор лепшых спартсменаў, каб заваяваць як мага больш медалёў.


На чэмпіянат Еўропы ў Заслаўе прыедуць каля 500 спартсменаў, не старэйшых за 18 гадоў з 25 краін. Цырымонія адкрыцця прызначаная на вечар 24 мая. Наступныя два дні (гэта субота і нядзеля) пройдзе спаборніцкая праграма. Для гледачоў абсталююць 700 месцаў, зрэшты, размясціцца можна будзе і ўздоўж трасы.