Падвойны трыумф беларусаў на этапе Кубка свету па фрыстайле

16 февраля 2020
У дысцыпліне  "лыжная акрабатыка" ў Маскве  спаборнічалі лепшыя спартсмены з 10 краін. У нас золата і бронза. Пра беларускіх зорак фрыстайла  рэпартаж  Дар'і Белавусавай-Пятроўскай.

Этап Кубка свету па фрыстайле ў Маскве для беларусаў пачаўся крыху напружана. З-за траўмы на трэніроўцы лідар сезона Аляксандра Раманоўская знялася са спаборніцтваў. Тым не менш, камандзе ўдалося сабрацца і паказаць выдатны вынік.

Нягледзячы на тое што ўвесь мінулы год алімпійская чэмпіёнка Пхёнчхана Ганна Гуськова прапусціла (аднаўлялася пасля траўм), у Маскве ў кваліфікацыі і ў першым фінале яна стабільна была на трэцім месцы. У вырашальнай бітве за медалі беларуская спартсменка выканала трайное сальта. Скачок такога ўзроўню складанасці ў жаночых спаборніцтвах даў шанц быць у тройцы прызёраў. Ганна справілася! Нягледзячы на моцную канкурэнцыю, яе скачок суддзі ацанілі ў самую высокую суму балаў. Вынік - золата Кубка свету па фрыстайле ў Маскве.

Не падвялі і мужчыны. У вырашальнай спробе Павел Дзік зрабіў стаўку не на складанасць, а на чысціню выканання. Ацэнка суддзяў - 112 балаў, і ўпершыню ў кар'еры спартсмен узнімаецца на трэцюю прыступку п'едэстала этапу Кубка свету.

Нягледзячы на тое што з-за траўмы Аляксандра Раманоўская прапусціла этап Кубка свету ў Маскве, яна па-ранейшаму  лідар агульнага заліку ў лыжнай акрабатыцы. А Ганна Гуськова пасля сваёй перамогі паднялася на чацвёртую пазіцыю рэйтынгу.

Наступны этап Кубка свету па фрыстайле пройдзе ў Раўбічах


Адразу пасля Масквы лепшыя лыжныя акрабаты збяруцца ў Мінску. 22 лютага ў Раўбічах адбудзецца чарговы этап Кубка свету па фрыстайле.