Палац гімнастыкі ў Магілёве адчыніў дзверы амаль 10 гадоў таму

9 ноября 2019
Такія падарункі гарадам сапраўды важныя - і праз гады яны не страцяць свайго прызначэння. Сярод іх і Палац гімнастыкі ў Магілёве, які ўжо рыхтуецца да свайго 10-годдзя. За гэты час ён стаў не толькі базай па падрыхтоўцы алімпійцаў, але і сапраўдным цэнтрам адпачынку. У гэтым пераканаўся Андрэй Ястрабаў.

Дзмітрый Паўлючык - узыходзячая зорка беларускай гімнастыкі. Юнаму спартсмену ўсяго 8 гадоў, аднак ён ужо заўважны ў такой велізарнай зале. З гонарам дзеліцца сваімі дасягненнямі – разнастайныя кубкі, ззяючыя медалі. За плячыма больш за два дзясяткі перамог у спаборніцтвах. Марыць пра алімпійскую кар’еру. Таму і адточвае майстэрства гадзінамі. 

Палац гімнастыкі ў Магілёве адчыніў дзверы як раз да свята 7  Лістапада амаль 10 гадоў таму. Сёння - сапраўдны спартыўны вулей. Мастацкая гімнастыка, спартыўная акрабатыка, скачкІ на батуце... Штогод да 700 юных спартсменаў рыхтуюць. Дзяўчынкі і юнакі пачынаюць літаральна жыць спортам. Ангеліна Новік, Віта Вутроменка і Валерыя Лусцянкова - не выключэнне. 

Спартсмен, заўважаюць трэнеры, як і выдатны музыкант, - адзінкавы тавар. Таму да кожнага - асаблівая ўвага. Своечасова раскрыць талент, падтрымаць яго. Нядзіўна, што выхаванцы школы штогод выконваюць нават самае цяжкае - нарматывы майстроў спорту. 

А яшчэ вяртаюцца ў альма-матар, каб прадоўжыць спартыўную кар’еру. Ужо ў якасці трэнераў. Максім Бродаў - адзін са шматлікіх выпускнікоў школы. Сам калісьці лунаў над турнікамі. Цяпер вучыць гімнастыцы малышоў. Перадае каштоўны вопыт. 

За 10 гадоў Палац гімнастыкі стаў сапраўднай кузняй спартыўных талентаў. І аздараўленчым цэнтрам для жыхароў Магілёва. Тут заўсёды шумна - у басейне, на тэнісных кортах, у фітнес- і зале адзінаборстваў. Больш за сотню паслуг для актыўнага адпачынку. 

Больш запатрабаваны палац і знайсці цяжка. Працуе з 6 гадзін раніцы і да позняга вечара. Летась яго наведалі звыш 240 тысяч чалавек.