Два медалі ў беларускіх весляроў на чэмпіянаце Еўропы ў Балгарыі

15 июля 2017

Першым буйным турнірам для беларускіх весляроў пасля таго, як была даказана невінаватасць і несправядлівае адхіленне ад Алімпійскіх гульняў у Рыа, стаў чэмпіянат Еўропы ў Балгарыі. І зноў наша зборная па веславанні на байдарках і каноэ ў лідарах! У першы дзень зборная ўзяла 2 медалі , у другі - выйшла адразу ў 13 фіналаў. Аб поспехах беларускіх весляроў і змене пакаленняў - Андрэй Казлоў.

Балгарскі Плоўдзіў - горад, у якім спорт любяць. Тут тры стадыёны, чатыры футбольныя клубы. Але любыя спаборніцтвы па веславанні на байдарках і каноэ па-за канкурэнцыяй.

Яшчэ перад стартам у заездах каноэ-двоек на дыстанцыі 500 метраў многія ставяць на беларускі дуэт Алена Наздрова, Каміла Бабёр - камера іх вядзе не выпадкова. Беларускі ўжо падпіраюць эліту, і серабро чэмпіянату Еўропы ім толькі надасць упэўненасці.

Другі медаль заваявала беларуская мужчынская байдарка-чацвёрка ў складзе вопытнага Рамана Пятрушэнкі, Дзмітрыя Трэцьякова, Мікіты Борыкова і Віталя Бялько. На дыстанцыі 500 метраў у іх бронза.

Многія чэмпіёны і прызёры Алімпійскіх гульняў завяршылі альбо спынілі кар'еру, і на аванссцэну выйшлі маладыя весляры. І зборная Беларусі, якую не надламала нават недарэчная алімпійская дыскваліфікацыя, на чэмпіянат Еўропы прывезла абноўлены і малады састаў, які тут жа ўзяўся каваць медалі кантынентальнага першынства.

Алімпійскі чэмпіён Аляксандр Багдановіч, а цяпер дэпутат Палаты прадстаўнікоў Беларусі, вядома, сачыў за спаборніцтвамі. І нашых медалістаў павіншаваў праз свае сацыяльныя сеткі.

Малодшы брат Аляксандра Багдановіча, Андрэй, які з ім дуэце браў алімпійскія залатыя медалі ў Пекіне і сярэбраныя ў Лондане, заўтра таксама будзе змагацца за медалі чэмпіянату Еўропы. Усяго ж беларускія спартсмены возьмуць удзел у 13 фіналах. Наша каманда па-ранейшаму разлічвае толькі на максімальны вынік.

Два медалі, і гэта толькі пачатак. Ужо заўтра тэлеканал "Беларусь 5" працягне весці прамыя трансляцыі з балгарскага Плоўдзіва. У 9:55 эфір ранішняй сесіі, калі будуць разгуляныя першыя ўзнагароды, потым за выступленнем нашых спартсменаў вы зможаце сачыць на галоўным спартыўным канале краіны.