Два залатыя і адзін сярэбраны медалі ў беларусаў на чэмпіянаце Еўропы па веславанні на байдарках і каноэ

9 июня 2018

Другі дзень чэмпіянату Еўропы па веславанні на байдарках і каноэ прынёс зборнай Беларусі тры медалі, з іх два залатыя. На найвышэйшую прыступку п'едэстала пашаны падняліся Кірыл Нікіцін, Віталь Бялько, Ілья Федарэнка і Раман Петрушэнка.

Наша байдарка-чацвёрка стала чэмпіёнам Еўропы на дыстанцыі тысяча метраў. А Алёна Наздрова заваявала золата ў каноэ-адзіночцы на дыстанцыі 500 метраў і ў дадатак устанавіла новы сусветны рэкорд.

Серабро наша жаночая чацвёрка ў складзе Алёны Світы, Надзеі Ляпешкі, Марыі Літвінчук і Вольгі Худзенкі выйграла на алімпійскай дыстанцыі 500 метраў у заездзе байдарак. Заўтра на чэмпіянаце Еўропы заключны дзень спаборніцтваў. Адзначым, на кантынентальным форуме разыгрываюцца ліцэнзіі на Еўрапейскія гульні - 2019, якія прыме Мінск.