Два рэкорды Еўропы і асабістае віншаванне ад Арнольда Шварцэнегера

30 сентября 2015

Сусветнае прызнанне са сталіцы Іспаніі прывезла беларуская спартсменка па паўэрліфтынгу Аляксандра Бурыкіна. Юная рэкардсменка выступала на адной сцэне з наймацнейшымі жанчынамі свету. Дарэчы, усяго на турніры спартсмены прадстаўлялі больш за 40 сілавых відаў. Літаральна суткі прайшлі пасля прэстыжнага спаборніцтва, а Бурыкіна зноў падымае штангу і рыхтуецца да новых міжнародных спаборніцтваў.

Аляксандра Драгун узяла аўтограф у сваёй моцнай цёзкі.

Сярод сапраўдных волатаў і 100-кілаграмовых штанг ледзь прыкметна мініяцюрная бландзінка. Але ад далікатнасці і слабасці полу не застаецца і следу, калі дзяўчына бярэ 80 кілаграмаў на плечы і прысядае.

Суткі таму Саша з бацькам была яшчэ ў дарозе. Везла з Мадрыда два рэкорды. Да юнай беларускі яшчэ ніхто ў Еўропе пры вазе цела ў 63 кілаграмы не падымаў штангу ў 135. Хоць і на п’едэстал прэстыжнага спаборніцтва Саша не паднялася, але сваімі асабістымі дасягненнямі ўразіла арганізатара сілавога фестывалю – Арнольда Шварцнегера, які асабіста павіншаваў дзяўчыну.

Пяць гадоў таму прамяняла тайскі бокс на паўэрліфтынг. Здаецца, дзяўчыну з характэрным мужчынскім імем прыцягваюць нетыповыя віды спорту для прыгожай паловы. Спачатку падымала грыф ў 20 кілаграмаў і вырасла да таго, што у 14 гадоў нават перавыканала нарматыў майстра спорту.

На рахунку юнай спартсменкі – 3 медалі з сусветных стартаў, трафей чэмпіёнкі Еўропы і два рэкорды. У Сашы бачаць патанцыял і прадракаюць кар'еру не толькі ў паўэрліфтынгу.

У 2017 годзе Мінск прыме чэмпіянат свету па паўэрліфтынгу. Да гэтай значнай падзеі беларускія трэнеры адкрываюць новыя імёны юных спартсменаў і рыхтуюць іх да залатых перамог. Магчыма, на гэта міжнароднае спаборніцтва ў сталіцу прыедзе Арнольд Шварцэнегер, каб пахварэць за рэкардсменку Еўропы Аляксандру Бурыкіну.