Годны фінал у кітайскім Цяньцзіне паказала балельшчыкам Арына Сабаленка

15 октября 2017

Менш як гадзіну таму завяршыўся фінал турніру ВТА ў кітайскім Цяньцзіне. Беспрэцэндэнтную волю да перамогі і сур'ёзную заяўку ў эліту сусветнага тэніса паказала Арына Сабаленка.

Беларуская тэнісістка ўступіла ў складаным фінальным паядынку міжнароднага турніру вядомай расійскай спартсменцы Марыі Шарапавай. Матч атрымаўся неверагодна эмацыйным і доўжыўся больш як дзве гадзіны. У першым сеце Арына вяла 4:1, але вопыт Шарапавай выканаў сваю ролю, яна выйграла ў беларускі 7:5. У другой партыі Сабаленка таксама дыктавала расіянцы сваю гульню і была ўсяго за гейм ад перамогі. Усё ж і ў другой партыі ў Шарапавай атрымалася звярнуць усё на сваю карысць. Зыход вызначаўся на тай-брэйку, які таксама атрымаўся звышнапружаным і завяршыўся з лікам 10:8 у карысць апаненткі Сабаленкі. Балельшчыкі, дзякуючы Белтэлерадыёкампаніі, маглі назіраць спаборніцтва ў прамым эфіры. Адразу пасля дзяўчаты падзяліліся сваімі эмоцыямі. Марыя Шарапава адзначыла майстэрства Арыны і пажадала ёй новых перамог.

Арыне Сабаленцы ўсяго 19 гадоў. У дарослых турнірах яна гуляе толькі год. І гэта першы для тэнісісткі фінал у ВТА туры. Па выніках турніру Арына Сабаленка ўпершыню ў кар'еры ўвойдзе ў топ-100 сусветнага рэйтынгу і стане першай ракеткай Беларусі. Нагадаем, ужо ў сярэдзіне лістапада разам з іншымі нашымі тэнісісткамі Арына будзе змагацца за Кубак Федэрацыі ў Мінску на "Чыжоўка-Арэне" супраць каманды ЗША.