Да старту зімовых алімпійскіх Гульняў у Сочы засталіся тры дні

4 февраля 2014

Тры алімпійскія вёскі ўжо некалькі дзён прымаюць новых жыхароў, зараз там каля 300 спартсменаў. Усяго ж чакаецца каля 3 тысяч гасцей. Першымі з беларускіх атлетаў у сталіцы Алімпіяды аказаліся біятланісты, пасля іх у алімпійскую вёску прыбылі гарналыжнікі. А праз некалькі дзён пад'едуць і фрыстайлісты. Дарэчы, дзяржаўны флаг Беларусі на парадзе адкрыцця панясе алімпійскі чэмпіён Ванкувера фрыстайліст Аляксей Грышын.


Сёння ж у Сочы адправіліся і прадстаўнікі Белтэлерадыёкампаніі. На месцы падзей ужо працуе алімпійская студыя беларускай дэлегацыі. Небывалы ў гісторыі беларускага тэлебачання будзе аб'ём вяшчання са сталіцы Гульняў. Пра самыя цікавыя моманты раскажуць Дзённікі Алімпіяды, якія будуць выходзіць штодня на Беларусь 1.


Наш карэспандэнт Станіслаў Ліпскі праводзіў калег у спартыўную экспедыцыю і даведаўся, чым здзівяць на цырымоніі адкрыцця.


Раніца, нацыянальны аэрапорт Мінск. У алімпійскі Сочы адпраўляюцца тыя, чые галасы і твары ўсім нам так добра знаёмыя: гэта карэспандэнты, каментатары і вядучыя Белтэлерадыёкампаніі. На працягу дваццаці дзён яны будуць нашымі вачамі ў сталіцы Алімпіяды. Для Уладзіміра Мікалаевіча Навіцкага, мэтра айчыннай журналістыкі, Алімпіяда ў Сочы стане дзясятай. Здавалася б, такога масцітага каментатара здзівіць складана.


Уладзімір Навіцкі, каментатар Белтэлерадыёкампаніі: Упершыню мне трэба будзе распавядаць пра ўсе пяць дысцыплін фрыстайла. Упершыню ў Сочы два новыя віды гэтай зімовай дысцыпліны дадаліся.


Дарэчы, Уладзімір Мікалаевіч разам з Паўлам Баранавым будуць каменціраваць і цырымонію адкрыцця XXII зімовых Алімпійскіх гульняў. Белтэлерадыёкампанія пакажа яе ў прамым эфіры на канале Беларусь 1. Пачатак трансляцыі ў 19:10. Генеральны дырэктар Міжнароднага алімпійскага фестывалю Сочы-2014, заснавальнік легендарнага гурта Ласкавы май Андрэй Разін прызнаўся: скончыцца цырымонія традыцыйна запальваннем алімпійскага агню.


Андрэй Разін, генеральны дырэктар Міжнароднага алімпійскага фестывалю Сочы- 2014: Вельмі шмат цікавага чакае, вельмі пафаснае і вельмі добрае адкрыццё. Мы, натуральна, захоўваем гэта ў страшнай таямніцы.


Словам, паглядзець будзе на што. Грандыёзнае шоу прадоўжыцца каля трох гадзін. А вось пра самыя цікавыя моманты Гульняў тэлегледачам распавядуць Дзённікі Алімпіяды, якія будуць выходзіць штодня пасля інфармацыйнага канала Панарама на Беларусь 1.


Сёння ж стала вядома, што дзяржаўны флаг Беларусі на парадзе адкрыцця зімовых Гульняў у Сочы панясе алімпійскі чэмпіён Ванкувера фрыстайліст Аляксей Грышын.


Выбар на Аляксея паў не выпадкова - за ўсю суверэнную гісторыю нашай краіны беларусы на зімовых алімпійскіх Гульнях выступалі пяць разоў, і за гэты час толькі толькі нашаму тытулаванаму фрыстайлісту ўдалося заваяваць залатую ўзнагароду Белай алімпіяды. У Сочы спаборніцтвы ў лыжных акрабатаў пройдуць 17 лютага.


На наступны дзень пасля цырымоніі адкрыцця стартуе спаборніцкая праграма ў біятланістаў - на старт спрынтарскай гонкі выйдуць мужчыны. А ў нядзелю ўжо Дар'я Домрачава ў аналагічнай гонцы ўступіць у барацьбу за медалі.


Дар'я Домрачава, чэмпіёнка свету па біятлоне: Захоўвайце спакой, таму што буры эмоцый перадаюцца нам, прычым як ад блізкіх сваякоў, так і ад усіх нашых балельшчыкаў.


Парада Дар'і нам, аматарам біятлона, гучыць вельмі пераканаўча, і мы будзем старацца. Але ж так складана часам стрымаць эмоцыі.