Да II Еўрапейскіх гульняў застаецца роўна 100 дзён

13 марта 2019

Да галоўнай мультыкультурнай падзеі Еўропы 2019 года застаецца роўна 100 дзён. II Еўрапейскія гульні пройдуць у Беларусі з 21 па 30 чэрвеня і прымуць лепшых спартсменаў кантынента. 

Атлеты будуць змагацца не толькі за ўзнагароды кантынентальных спаборніцтваў, але і за пуцёўкі на галоўныя гульні чатырохгоддзя - летнюю Алімпіяду-2020 у Токіа. 15 відаў спорту, 199 камплектаў узнагарод, звыш 4000 атлетаў, больш як 1000 акрэдытаваных журналістаў і 50 краін Еўропы. Беларусь максімальна адкрывае свае межы для замежных гасцей: уладальнікі білетаў на спаборніцтвы могуць наведаць нашу краіну без візы. Мінскі стадыён "Дынама" пасля рэканструкцыі, якая завяршылася летась, прыме цырымоніі адкрыцця і закрыцця. У першы дзень еўрапейскай алімпіяды, 21 чэрвеня, да нашай легендарнай арэны будзе прыкаваная ўвага ўсяго спартыўнага свету. Да гэтай падзеі адзін з беларускіх месенджараў выпусціў набор тэматычных стыкераў.