"Дынама-Мінск" і "Зеніт". Працягваецца другі тайм. Лік ужо 4:0 на карысць мінскага "Дынама"

9 августа 2018

За статусным паядынкам на трыбунах назірае наш спартыўны аглядальнік Андрэй Казлоў.

Вечар добры, студыя. Наша здымачная група знаходзіцца ў максімальнай блізкасці да футбольнага поля стадыёна "Дынама". Матч, гэта трэці раўнд кваліфікацыі Лігі Еўропы, атрымліваецца хвацкі. Ужо ў пачатку сустрэчы нечакана для кагосьці, але не для беларускіх балельшчыкаў, "Дынама" выйшла наперад - класны гол забіў Ураш Нікаліч. Але і гэта было не ўсё - Уладзімір Хвашчынскі таксама ў першым тайме падвоіў лічбы на табло. Прапаноўваю паглядзець, як гэта было класна.

Па гульні відаць, што ў "Дынама" атрымліваецца на полі ствараць абсалютна ўсё. Якасць гульні пад стаць антуражу. Адчуваецца, што вяртанне на родны стадыён натхняе гульцоў мінскай каманды. Аб гэтым, дарэчы, і гаварыў перад сустрэчай настаўнік нашага клуба Сяргей Гурэнка.

Наогул, гэта сустрэча толькі трэцяга раўнда кваліфікацыі Лігі Еўропы, але матч годны як мінімум групы. Дарэчы, тут ужо дзейнічаюць больш сур'ёзныя правілы УЕФА, у тым ліку па працы здымачных груп. Дэлегацыя галоўнай еўрапейскай футбольнай арганізацыі вельмі ўважліва сочыць за тым, як працуюць прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі. Там, на заднім ад нас плане, вялікая армія зенітаўскіх балельшчыкаў, якая, як апынулася, пакуль не стала памочнікам для сваіх футбалістаў. Калегі, слова вам. Мы працягнем сваю працу на матчы "Дынама" - "Зеніт".