"Дынама-Брэст" - БАТЭ: аншлаг

24 сентября 2019

Крыху больш  за суткі застаецца да цэнтральнага футбольнага матча гэтай восені, і ўжо зараз відавочна, што пройдзе ён пры аншлагу. Перамога альбо брэсцкага "Дынама", альбо барысаўскага БАТЭ адкрые для кожнай з гэтых каманд шлях да чэмпіёнства. Бо ў апошнія гады менавіта супрацьстаянне гэтых клубаў можна лічыць самым прынцыповым у беларускім футболе. Стартавы свісток прагучыць у 20:45, за 10 хвілін да гэтага на "Беларусь 5" пачнецца прамая трансляцыя матча. А ў 20 гадзін - вялікае прэв'ю ўсяго паядынку. 

Брэст абыходзіць Барысаў у розыгрышах кубка і суперкубка, але менавіта жоўта-сінія па-ранейшаму з 2006 года валодаюць галоўным трафеем нацыянальнага першынства. Пра тое, як рыхтуецца стадыён "Брэсцкі" да гарачага прыёму і чаго чакаюць ад гульні галоўныя дзеючыя асобы - рэпартаж Марыі Тройніч.

Ажыятаж выклікае матч у Брэсце паміж мясцовым "Дынама" і барысаўскім БАТЭ. На "Брэсцкім" за некалькі гадзін са старту продажаў усе білеты проста змялі. У беларускім футболе падобнае і не ўспомніць, бо нават на матчы еўракубкаў білеты можна набыць яшчэ ў дзень паядынку.  

Паводле прагнозу надвор'я, падчас гульні, якая пачнецца ў 20 гадзін і 45 хвілін, магчымы дождж. Таму каля стадыёна арганізуюць каля трыццаці пунктаў агульнага харчавання: там можна будзе купіць гарачую гарбату, каву, гарачыя закускі. Натуральна, да гульні рыхтуюць і газон "Брэсцкага". 

Спартыўны комплекс "Брэсцкі" - самы вялікі стадыён вобласці. Ён месціць 10 169 гледачоў. Лепш за ўсё за футбольнымі баталіямі назіраць адгэтуль - з сёмага або шостага сектара. Яны бліжэй да газона. Праўда, купіць білеты на іх няпроста: месцы браніруюць фанаты.
Матч, які можа вырашыць лёс чэмпіёнства, ужо заўтра!
На самы высокі ўзровень супрацьстаянне брэсцкага "Дынама" і БАТЭ выйшла ў пачатку мінулага сезона, калі каманды сустрэліся ў матчы за суперкубак краіны. І калі ў кубкавых спаборніцтвах мацнейшымі станавіліся футбалісты з берагоў Заходняга Буга, то летась БАТЭ зноў стаў лепшым у нацыянальным чэмпіянаце, зноў не аддаў нікому свой тытул, якім валодае нязменна з 2006 года.
Аднак зараз сітуацыя ў турнірнай табліцы не на карысць БАТЭ. Чэмпіянат выходзіць на фінішную прамую, але барысаўчане дзеляць другі радок з салігорскім "Шахцёрам" і адстаюць ад Брэста ўжо на пяць балаў, хай і маюць гульню ў запасе. Таму перамога "Дынама" ў найбліжэйшым матчы можа паставіць крыж на чарговым трыумфе БАТЭ.

Аднак Барысаў не збіраецца саступаць на стадыёне "Брэсцкі", а насупраць, матываваны перамагаць. Бо ў фінальных адрэзках турнірнай дыстанцыі і моцны шматгадовы чэмпіён краіны. Тым больш гэты тур праз зняцце з чэмпіянату мінскага "Тарпеда" БАТЭ прапускаў, а гэта значыць, змог лепш падрыхтавацца. Да таго ж аднавіўся пасля траўмы лідар і абаронца барысаўчан Ягор Філіпенка, які яшчэ месяц таму, калі быў на мыліцах, падпарадкаваў сваё аднаўленне менавіта даце 25 верасня. 

Сустрэчу паміж брэсцкім "Дынама" і барысаўскім БАТЭ будзе судзіць лепшы арбітр Беларусі апошніх гадоў Аляксей Кульбакоў. 15 красавіка 2017 года рэферы ФІФА ўжо працаваў на сустрэчы брэстаўчан і барысаўчан. Тады вынік матча быў нічыйны 1:1. Як жа будзе гэтым разам, даведаемся зусім хутка. Пачатак сустрэчы 25 верасня ў 20:45.