Дыега Марадона: "Гэта для мяне дасягненне"

16 мая 2018

Легендарны Дыега Марадона стаў часткай беларускага футбола. Кумір мільёнаў падпісаў кантракт з брэсцкім "Дынама". Аргенцінец зараз - старшыня праўлення беларускага футбольнага клуба.

У сваім Instagram Дыега Марадона напісаў, што будзе кіраўніком і падзякаваў за давер. Цытата - "Гэта для мяне дасягненне". Інфармацыя з'явілася і ў Twitter брэсцкага "Дынама". Аргенцінец падпісаў кантракт на тры гады. Марадона будзе займацца пытаннямі стратэгічнага развіцця клуба, а таксама ўзаемадзейнічаць з яго структурнымі падраздзяленнямі, уключаючы дзіцячую акадэмію "Дынама-Брэст". Футбаліст прыступіць да сваіх паўнамоцтваў адразу пасля заканчэння чэмпіянату свету ў Расіі. А вось і эксклюзіўныя кадры Агенцтва тэленавін, якія знялі адразу пасля падпісання пагаднення.

Марадона з'яўляецца найвялікшым футбалістам свету і запатрабаваны нават пасля завяршэння кар'еры. Пасля сыходу з "Аль-Фуджайры" (клуб прадстаўляе Аб'яднаныя Арабскія Эміраты) аргенцінец атрымаў прапановы з Турцыі, Кувейта і Аравіі, але выбраў Беларусь. Што цікава, Марадона і брэсцкае "Дынама" з'яўляюцца аднагодкамі. Клуб і вялікі футбаліст з'явіліся на свет ў 1960 годзе.

Футбольныя подзвігі Марадоны вядомыя кожнаму балельшчыку. Гэта Кубак свету 1986 года і прыгожыя галы, і нават знакамітая "рука Бога" - мяч забіты не па правілах. Геній і ліхадзей - Марадона адной сваёй прыналежнасцю да Брэста, несумненна, дадасць цікавасці да чэмпіянату Беларусі.