Дыега Арманда Марадона плануе прыняць самы актыўны ўдзел у жыцці брэсцкага "Дынама"

23 мая 2018

Дыега Арманда Марадона плануе прыняць самы актыўны ўдзел у жыцці брэсцкага "Дынама", каб клуб ужо ў найбліжэйшы час выйшаў на новы ўзровень канкурэнцыі.

Пра гэта заявіў легендарны аргенцінец падчас афіцыйнай прэс-канферэнцыі, на якой першы ўладальнік ганаровага Залатога мяча ў гісторыі гульні нумар 1 быў прадстаўлены ў якасці новага старшыні праўлення футбольнага клуба "Дынама-Брэст". Нагадаем, пра падпісанне трохгадовага кантракта з чэмпіёнам свету 1986 было аб'яўлена роўна тыдзень таму ў Абу-Дабі, дзе ўчора і прайшла прэс-канферэнцыя. Дыега Марадона адзначыў, што ён упершыню ў сваім жыцці будзе працаваць на гэтай пасадзе.

Дыега Арманда Марадона, старшыня праўлення ФК "Дынама-Брэст": "Для мяне гэта новы вопыт і свайго роду выклік. Новы выклік, які я прымаю. Я прайшоў шлях ад маленькага хлопчыка, які марыў гуляць у футбол і якому прыходзілася пераадольваць адлегласць у 5 км ад дому да спартыўнай школы, каб упарта трэніравацца і ісці да сваёй мары. Я з нецярпеннем чакаю, калі змагу пачаць выконваць свае абавязкі на новай пасадзе. Я не збіраюся замыкацца ў кабінеце. Буду працаваць разам з камандай на стадыёне, буду даваць "Дынама" ўсё лепшае, каб клуб быў больш канкурэнтаздольным".

У задачы Марадоны ўваходзяць пытанні стратэгічнага развіцця клуба, узаемадзеяння з усімі структурнымі падраздзяленнямі, у тым ліку і дзіцячай акадэміяй брэсцкага "Дынама".

Дыега Арманда Марадона, старшыня праўлення ФК "Дынама-Брэст": "Для пачатку трэба прыгледзецца да тых, хто ёсць у нашым распараджэнні, убачыць моцныя і слабыя бакі "Дынама". У будучыні можна ўзмацняцца і футбалістамі з ААЭ, і з Італіі, і з Аргенціны. Вядома, Неймар і Месі пакуль занадта далёкі ад нас узровень, але не сумняваюся, што "Дынама" зможа сабраць баяздольны склад".

Нагадаем, сваю працу новы старшыня праўлення пачне адразу пасля чэмпіянату свету.