Дар'я Домрачава: Я вельмі задаволеная сённяшняй гонкай

15 марта 2018

Беларусь сёння віншуе Дар'ю Домрачаву са срэбрам 8-га этапу Кубка свету па біятлоне!

На спрынтарскую дыстанцыю нарвежскага Халменколена беларуска адправілася пад 29 нумарам. Агнявыя рубяжы Дар'я прайшла чыста і толькі ходам па дыстанцыі саступіла Анастасіі Кузьміной.

Дар'я Домрачава, чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка па біятлоне, срэбны прызёр у спрынце на этапе Кубка свету ў г. Халменколене:

"Так, я вельмі задаволеная сённяшняй гонкай. Задаволеная адчуваннямі на трасе. З самага пачатку гонкі імкнулася змагацца на максімуме, выкладвалася на поўную. На жаль, нават чыстая стральба не гарантавала сёння першае месца. Але я вельмі задаволеная сённяшняй гонкай. Вы ведаеце, біятлон - гэта комплекс шматлікіх фактараў, таму сваёй праведзенай працай я вельмі задаволеная".

Гэты п'едэстал - другі пасля Алімпіяды для Домрачавай. Тыдзень таму ў Фінляндыі Дар'я стала лепшай! У тым жа спрынце. Дзякуючы гэтым паспяховым выступленням, беларуска паднялася на трэцяе месца агульнага заліку Кубка свету.

Выступала сёння і Надзея Скардзіна, у яе адзін промах і 24-ы вынік.