Дар'я Домрачава выйгравае золата ў спрынтарскай гонцы на этапе Кубка свету па біятлоне

23 марта 2018

Пачнём з медальнай навіны. Здаецца, гэта становіцца не проста выдатнай традыцыяй, а заканамернасцю выступленняў нашай у літаральным сэнсе непераможнай Дашы. 4-разовая алімпійская чэмпіёнка выйгравае золата ў спрынтарскай гонцы на сем з паловай кіламетраў на этапе Кубка свету па біятлоне, які напярэдадні стартаваў у Цюмені. З бліскучай перамогай Дар'ю Домрачаву павіншаваў Прэзідэнт Беларусі. Выдатны ход і чыстая стральба забяспечылі Дашы перавагу - на фінішы наша спартсменка апярэдзіла ўладальніцу серабра фінку Кайсу Макарайнен літаральна на секунды. Лідар агульнага заліку Анастасія Кузьміна сёння дапусціла тры промахі і фінішавала толькі 12-й. А гэта значыць, што барацьба за Вялікі хрустальны глобус усё яшчэ працягваецца і шанцы ў Дашы ўсё вышэй. А вось Малы хрустальны глобус у індывідуальнай гонцы ўжо атрымала Надзея Скардзіна. Заўтра нас чакае гонка праследавання. Лідарам на дыстанцыю выйдзе Дар'я Домрачава. Мы верым у нашых біятланістак! Жадаем далейшых поспехаў і чакаем не менш яркіх перамог. Вынікі сённяшняга дня - у Алены Гарэльчык.

Біятлон сусветнага ўзроўню, нарэшце, у Цюмені. Падтрымка на трыбунах вельмі цёплая. На коне не проста перамога ў гонцы. Барацьба за Вялікі хрустальны глобус усё яшчэ не скончана.

Дар'я Домрачава адправілася на дыстанцыю пад 50-м нумарам. Яшчэ раней пабеглі Кайса Макарайнен і Анастасія Кузьміна. Біятланістка са Славакіі мажа яшчэ на лёжцы, а два промахі на стойцы ўжо сапраўды аддаляюць лідара агульнага заліку ад тройкі прызёраў. Макарайнен, як і Домрачава, вельмі сканцэнтраваныя і застаюцца ў барацьбе за золата пасля першай стральбы. Кайса, якая стартавала 9-й, дакладная і на другім агнявым рубяжы. Фінская біятланістка фінішуе першай. Толькі пакуль. Арыенцір для Домрачавай ёсць.

Дар'я закрывае ўсе мішэні і на стральбе стоячы. Наша біятланістка ляціць на фініш. У Макарайнен Домрачава выйгравае 3,6 секунды. Пасля гонкі беларуска скажа, на апошнім крузе было вельмі цяжка, яна імкнулася зрабіць усё, што можа, бо Кайса ніколі не кідае барацьбы да апошніх метраў. І Дар'я перамагла. На фінішы Домрачава апярэдзіла Макарайнен на 1,2 секунды - перавага перад заўтрашнім праследаваннем, вядома, мізэрная, але сёння гэта перамога. Гэтае золата - 33-е для Домрачавай у кар'еры.

Анастасія Кузьміна ў выніку стала толькі 12-й. Барацьба за Вялікі хрустальны глобус працягваецца, а вось у спрынце малы дастаўся ўсё ж  біятланістцы са Славакіі. Затое сваю доўгачаканую ўзнагароду Малы хрустальны глобус у індывідуальнай гонцы атрымала наша Надзея Скардзіна.

Ужо заўтра Дар'і, Надзеі, Ірыне і Дзінары трэба будзе зноў выйсці на старт і пазмагацца гэтым разам за ўзнагароды ў гонцы праследавання. Усе чатыры біятланісткі сёння ўвайшлі ў топ-60. Лепшы вынік пасля Домрачавай - у Ірыны Крыўко  і Дзінары Алімбекавай – дзяўчыны закрылі ўсе мішэні і фінішавалі 27-й і 32-й адпаведна. У Скардзіны стральба не задалася - два промахі і 47-ы вынік.