Дар'я Домрачава выйграла спрынт на заключным этапе Кубка свету

23 марта 2018

Дар'я Домрачава зноў прымусіла ўсю краіну адчуваць пачуццё гонару! Біятланістка стала першай у спрынце на заключным этапе Кубка свету ў Цюмені. Гэтая перамога стала 33-й у кар'еры чатырохразовай алімпійскай чэмпіёнкі.

І гэта трэці паказчык у гісторыі жаночага біятлона. Больш за тое, сённяшні подыум - 80-ы - юбілейны для Дар'і. На дыстанцыю спартсменка выйшла пад 50-м нумарам, без промахаў закрыла абодва агнявыя рубяжы і на фінішы па выніках усёй гонкі апярэдзіла ўладальніцу срэбра - фінку Кайсу Мякярайнен на 1,2 секунды. Лідар агульнага заліку Анастасія Кузьміна дапусціла тры промахі і фінішавала толькі 12-й. А гэта значыць, што барацьба за Вялікі хрустальны глобус толькі абвастраецца. Тым больш што заўтра ў гонцы праследавання Дар'я Домрачава сыдзе на дыстанцыю лідарам.

Што датычыцца іншых нашых біятланістак. Ірына Крыўко, для якой гэтая гонка стала першай пасля хваробы, - без промахаў 27-я, Дзінара Алімбекава - 32-я, Надзея Скардзіна з дзвюма незакрытымі мішэнямі на другой стральбе паказала 47-ы час, а Надзея Пісарава з трыма промахамі на стойцы - 65-я.

Дар'і Домрачавай зусім трохі не хапіла, каб выйграць Малы хрустальны глобус у спрынце. Гэтая ўзнагарода дасталася Анастасіі Кузьміной. Затое пасля ўручэння кубка славацкай біятланістцы на стадыёне ў Цюмені прайшла знакавая і для беларусаў падзея. Малы хрустальны глобус у індывідуальнай гонцы атрымала наша Надзея Скардзіна.

Такім чынам, заўтра заключны этап Кубка свету працягнецца дзвюма гонкамі праследавання. Нашы галоўныя надзеі, вядома, звязаныя з жанчынамі. Дар'я Домрачава адправіцца на дыстанцыю першай. Прамая трансляцыя на "Беларусь 5" у 16:50.