Дар'я Домрачава выйграла мас-старт на заключным этапе Кубка свету ў Цюмені

25 марта 2018

Цюмень. Апошняя гонка сезона - пераможная. Біятлонныя балельшчыкі Беларусі зноў радуюцца! Дар'я Домрачава выйграла мас-старт на заключным этапе Кубка свету ў Цюмені. Наша спартсменка паказала выдатную хуткасць на лыжні. Да першай стральбы чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка бегла ў ліку першай пяцёркі. На стартавай лёжцы Дар'я правяла шмат часу, затое была дакладная. А затым у гонцы завязалася сапраўдная барацьба - ніхто не жадаў саступаць. Бо па выніках гэтага мас-старту вызначаўся ўладальнік Вялікага хрустальнага глобуса. На дыстанцыі бегла вялізная група з 16 чалавек - тут былі і фінка Кайса Мякярайнен, і немка Лаўра Дальмаер, і славачка Анастасія Кузьміна. На другой лёжцы наша Даша зноў закрыла ўсе мішэні. І зноў група лідараў пайшла на дыстанцыю, як гаворыцца, наздра ў наздру.

Домрачава на першай стральбе стоячы дапусціла адзін промах і адправілася на штрафны круг. З агнявога рубяжа беларуска сыходзіла, прайграючы лідару 28 секунд. Але ўсе ведаюць фенаменальную хуткасць Дар'і, ходам беларуска адыграла 10 секунд. На заключнай стральбе яна доўга выцэльвала апошнюю мішэнь. Закрыла яе і пабегла па перамогу! Домрачава сыходзіла з рубяжа пятай, але за кіламетр да фінішу вырвалася ў лідары. І завяршыла сезон прыгожай перамогай.

У выніку ў беларускі 10-я перамога ў мас-старце і 34-я ў кар'еры. З перамогай Дар'ю Домрачаву павіншаваў Прэзідэнт Беларусі.

Дар'я Домрачава заняла ў Кубку свету трэцяе месца. У актыве чатырохразовай алімпійскай чэмпіёнкі па выніках сезона - 804 ачкі. Вялікі хрустальны глобус выйграла фінка Кайса Мякярайнен.