Дар'я Домрачава другі дзень запар атрымлівае віншаванні

23 марта 2015

Дар'я Домрачава другі дзень запар не стамляецца атрымліваць віншаванні з заваяваннем галоўнай узнагароды ў сусветным біятлоне. Так, з перамогай у агульным заліку Кубка свету біятланістку павіншавала тэнісістка Вікторыя Азаранка. Напярэдадні ў звышдраматычнай барацьбе Дар'я выйграла Вялікі хрустальны глобус у фінкі Кайсы Макарайнен. Лёс трафея вырашаўся ў апошняй гонцы сезона - мас-старце. Беларусцы трэба было не саступіць фінцы многа. Дар'я план перавыканала.

Усе падрабязнасці ў Паўла Капуцкага.

Абедзве засяроджаныя і настроеныя на перамогу. Хаця ведаюць: Вялікі хрустальны глобус у выніку дастанецца камусьці аднаму. Дар'і не прыйшлося перамагаць у мас-старце, нават на подыум паднімацца было неабавязкова. Галоўнае лежню са стойкай, як падчас праследавання, яна не пераблытала. Яшчэ ніколі Домрачава так не радавалася чацвёртаму месцу.

Макарайнен фінішавала 13-й. У агульным заліку Кубка свету Домрачава абышла фінку на 48 ачкоў. Пераканаўча. І так ужо выйшла, што адзін з самых значных трафеяў у сваім жыцці Дар'я выйграла ў амаль родным Ханты-Мансійску.

Дар'я Домрачава: "Шакаладны глобус ператвараецца... у хрустальны! Дзякуй тым, хто верыў! Дзякуй усім тым, хто падтрымліваў! Дзякуй маёй камандзе і ўсім маім родным! Ханты-мансійскім трыбунам асобная падзяка за вашы гучныя галасы! Гэта была сапраўдная бітва года!"

З перамогай Домрачаву праз Twitter павіншавала іншая беларуская спартсменка з прыстаўкай супер. Тэнісістка Вікторыя Азаранка: "Віншую Дашу Домрачаву з заваяваннем хрустальнага глобуса!!! Ты разумніца. Вельмі рада за цябе! Гераіня краіны! Наперад, Беларусь".

Зразумела, што за Дар'яй сачылі не толькі беларусы і не толькі ў Беларусі. І менавіта дзякуючы ёй жаночы біятлон у нас глядзяць у два разы больш людзей, чым мужчынскі. Рэйтынгі гонак з удзелам Домрачавай супастаўныя з тымі, якія былі падчас хакейных матчаў беларусаў на дамашнім чэмпіянаце - мільённая аўдыторыя.

Дар'я стала другой біятланісткай у гісторыі Беларусі, якой пакарыўся Вялікі хрустальны. У 1994-м лепшай у свеце стала Святлана Парамыгіна.

А вось чатырохразовая чэмпіёнка свету Алена Зубрылава ў агульным заліку двойчы фінішавала другой, але мэты так і не дасягнула.

За Домрачаву хварэлі мільёны, але наўрад ці за спартсменку хтосьці хваляваўся больш, чым гэтая жанчына. Мама Ларыса Аляксееўна падзяляе шчасце з дачкой.

Ларыса Мініна, маці Дар'і Домрачавай: "Усё-такі такой колькасці перамог, як у Дашы (дзевяць сёлета), у яе яшчэ ніколі не было. Нягледзячы на тое што яна некалькі гадоў займала другія, трэція месцы ў агульным заліку. Гэта таксама вельмі вялікае дасягненне. Гэта, вядома, неверагоднае дасягненне, што яна нарэшце заваявала Вялікі хрустальны глобус. Мы вельмі радыя, вельмі шчаслівыя".

Маці і дачка вельмі хутка сустрэнуцца, але пакуль у жаночай зборнай Беларусі па плане збор, які пройдзе ў аўстрыйскім Рамзау. А ўжо падчас водпуску Домрачава традыцыйна стартуе ў гонцы чэмпіёнаў, якая на гэты раз пройдзе ў Цюмені. Стартуе ў рангу лепшай біятланісткі свету.