Дар'я Домрачава зноў запісвае сваё імя ў гісторыю біятлона

13 февраля 2017

Беларуская спартсменка нарадзіла дачку першага кастрычніка, а ўжо праз чатыры з паловай месяцы - 12 лютага - паднялася на п'едэстал на чэмпіянаце свету. Наша біятланістка напярэдадні правяла выдатную гонку ў аўстрыйскім Хохфільцэне, здолеўшы падняцца з 27-га месца на другое. Гэта лепшы прарыў на п’едэстал у гісторыі пасьютаў на чэмпіянатах свету. Асновай поспеху беларускі сталі бездакорная стральба і хуткі ход па дыстанцыі. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў члена нацыянальнай каманды па біятлоне Дар'ю Домрачаву з заваёвай сярэбранага медаля чэмпіянату свету ў гонцы праследавання.

"Мы ўсе з нецярпеннем чакалі твайго вяртання на біятлонны Алімп, і ты апраўдала надзеі мільёнаў сваіх прыхільнікаў па ўсім свеце, прадэманстраваўшы яркае выступленне на трасе Хохфільцэна. Гэта вельмі важная перамога не толькі для цябе самой, але і для ўсяго беларускага спорту. Твае дасягненні - выдатны прыклад спалучэння актыўнай жыццёвай пазіцыі з выдатнымі спартыўнымі вынікамі".

Гэта першы з 2013 года медаль Дар'і Домрачавай на чэмпіянатах свету. Шчаслівая беларуска не хавала сваіх эмоцый.

Дар'я Домрачава, сярэбраны прызёр чэмпіянату свету - 2017, трохразовая алімпійская чэмпіёнка па біятлоне: "Гэты медаль вельмі шмат значыць для мяне, для ўсёй нашай каманды. Я хачу падзякаваць кожнаму з маіх трэнераў за тое, што яны верылі ў мяне і рабілі ўсё, каб я магла падрыхтавацца да гонак ва ўласным рэжыме, таму што сітуацыя была асаблівай. Я вельмі ўдзячная за веру ў мяне. Камандны дух вельмі важны ў нашым відзе спорту. Дзякуй камандзе і маёй сям'і - яны зрабілі для мяне вельмі шмат, аказаўшы такую падтрымку".

Дзякуючы гэтаму сярэбранаму выніку Дар'я Домрачава заслужыла права выступіць у гонцы з масавым стартам. Яна пройдзе ў нядзелю. Да серады ж на чэмпіянаце свету зацішша. Спаборніцкая праграма працягнецца да 15 лютага жаночай індывідуальнай гонкай на 15 кіламетраў.