Дар'я Домрачава атрымала прыз за спартыўную высакароднасць ад Міжнароднага саюза біятланістаў

13 мая 2018

Хто не перастае нас радаваць пастаянна - дык гэта Дар'я Домрачава. Яе яркі ўзлёт, медалі на чэмпіянатах, ашаламляльны поспех на Алімпіядзе ў Сочы, нараджэнне дачкі і зноў вялікія спартыўныя перамогі.

На мінулым тыдні наша Даша атрымала прыз за спартыўную высакароднасць ад Міжнароднага саюза біятланістаў. Менавіта так вырашылі адзначыць учынак чатырохразовай алімпійскай чэмпіёнкі на шостым этапе Кубка свету ў Антхольцы.

У гонцы праследавання Дар'я Домрачава і Даратэя Вірэр вялі барацьбу за другое месца. Перад фінішнай прамой беларуска выпадкова наступіла на палку сваёй апаненткі, і далей італьянка бегла з адной палкай. Домрачава, разумеючы сваю віну, не стала абганяць Вірэр і ў выніку заняла трэцяе месца.

Адметна тое, што пераможцу ў гэтай намінацыі вызначаюць галасаваннем самі біятланісты. Вось такое ганаровае прызнанне Дар'і з боку сваіх калег. Віншуем Дашу і давайце яшчэ раз успомнім той эпізод.

Беларуская асацыяцыя спартыўнай прэсы на студзеньскі высакародны ўчынак Дар'і адрэагавала імгненна, 5 лютага намінаваўшы біятланістку на прэстыжны прыз WorldFairPlayAwards імя П'ера дэ Кубертэна.

Лаўрэатаў гэтай узнагароды аб’явяць у канцы года. З айчынных спартсменаў раней такую ўзнагароду атрымліваў толькі легендарны барэц вольнага стылю трохразовы алімпійскі чэмпіён Аляксандр Мядзведзь у 1983 годзе.