Дар'я Домрачава паднімаецца на другую прыступку п'едэстала ў нарвежскім Халменколене

15 марта 2018

Свята беларускім балельшчыкам і не толькі нам паднесла прыма сусветнага біятлона. Па выніках першай гонкі 8-га этапа Кубка свету ў нарвежскім Халменколене Дар'я Домрачава паднімаецца на другую прыступку п'едэстала і ўваходзіць у тройку лідараў у агульным заліку. Пра беларускае серабро вышэйшай пробы - Ганна Эйсмант.

8 этап Кубка свету ў Халменколене стартаваў жаночай спрынтарскай гонкай і зноў, як і на папярэднім у Кантыялахці, наша Дар'я Домрачава паднімаецца на п'едэстал. Вось прама зараз праходзіць яе ўзнагароджанне.

Бачыць нашу спартсменку на подыуме - гэта лепшы падарунак для тых, хто здолеў дабрацца да Халменколена спецыяльна дзеля таго, каб стаць відавочцам гэтага свята.

За Дар'ю тут хварэюць усе ад малога да вялікага, ды так, што ў чаканні аўтографа ад чатырохразовай алімпійскай чэмпіёнкі просяць аўтографы і ў тых, хто мае дачыненне да Беларусі. І нават у нашай здымачнай групы! Адмовіць дзецям немагчыма.

Пасля трыумфальных Алімпійскіх гульняў чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка паказвае выдатны вынік ужо ў другім спрынце запар - сёння Дар'я з серабром! Тыдзень таму ў Кантыялахці была перамога.

Дзякуючы другому месцу ў спрынце Дар'я Домрачава ўвайшла ў тройку наймацнейшых у агульным заліку Кубка свету. Лідзіруе пераможца сённяшняга спрынту - прадстаўніца Славакіі Анастасія Кузьміна!

У гэтым сезоне біятланісткам засталося правесці чатыры асабістыя гонкі.

На заўтра арганізатары запланавалі дзень адпачынку, а ўжо ў суботу адразу дзве гонкі. Тэлеканал "Беларусь 5" будзе весці прамую трансляцыю. У 14:20 пачатак жаночай эстафеты, у 17:05 старт гонкі праследавання ў мужчын. Глядзіце "Беларусь 5" і хварэйце за нашых спартсменаў.