Усяго на тры балы з вылікам дзвюх горшых гонак у сезоне Дар'я Домрачава адстае ад Кайсы Макарайнен у бітве за Вялікі крыштальны глобус. І ў нядзельнай гонцы праследавання, якая праходзіла ў рамках сёмага этапу ў Чэхіі, беларуска здолела апярэдзіць фінскую біятланістку. Больш за тое, Дар'я з чатырма штрафнымі кругамі апярэдзіла і ўсіх астатніх удзельніц гонкі, здабыўшы сваю 26 перамогу на этапах Кубка свету. Макарайнен другая, Дальмаер трэцяя. У аналагічнай гонцы ў мужчын перамог Якаў Фак. Другі Сімон Шэмп з Германіі, Мартэн Фуркад трэці. Адзіны беларус, які ўдзельнічаў у гонцы, - Дзмітрый Дзюжаў - стаў 52-ым.














