Дар'я Домрачава і Надзея Скардзіна афіцыйна завяршылі свае кар'еры на "Гонцы легенд біятлона"

19 февраля 2019

Нам цяжка ўявіць, што ўжо не ўбачым на прафесійных спаборніцтвах Надзею Скардзіну і Дар'ю Домрачаву. Алімпійскія чэмпіёнкі па біятлоне напярэдадні афіцыйна завяршылі свае кар'еры. І гэта здарылася ва ўтульнай і цёплай атмасферы Раўбіч, якія прымалі "Гонку легенд". Усе тыя, хто сабраўся на трыбунах, адчулі тую ж атмасферу, калі за выдатных беларускіх спартсменак мы хваляваліся на Алімпійскіх гульнях.

Андрэй Казлоў асабіста бачыў, як са спорту сыходзяць легенды. У самым эпіцэнтры біятлоннага свята кіпела сваё жыццё. Трапіць у такую кампанію прыемна і спартсмену, і балельшчыку і, вядома, рэпарцёру. За два метры ад нас размінаецца Уле-Эйнар Б’ёрндален. Ён кар'еру завяршыў раней, але, як відаць, знаходзіцца ў выдатнай форме. Тут жа і іншыя легенды, у тым ліку Аляксандр Папоў.

І вось далей барацьба на дыстанцыі. Пакуль муж Дар'і Домрачавай змагаўся за перамогу (у выніку ён стане другім, а пераможа ўкраінец Дзерызямля), чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка ў самым цэнтры ўвагі. І, як мы бачым, шчыра хвалюецца за Уле-Эйнара.

Незадоўга да гэтага Надзея Скардзіна стала лепшай у жаночым мас-старце - знакаміты біятлонны снайпер, што называецца, у справе. Менавіта ў гэтыя хвіліны падтрымлівалі трыбуны нашу Надзею Скардзіну, якая трапіла ў пяць мішэняў з пяці.

Крыху пазней захапляльная эстафета, дзе легендарныя біятланісты, вядома ж, выступілі ў адной камандзе. Асабліва яркім атрымаўся фініш Сяргея Новікава, які не нашмат апярэдзіў Уле-Эйнара Б’ёрндалена. На фінішы іх чакаюць Дар'я і Надзея. У такія моманты першых і другіх месцаў няма.

Пасля - радасць перамогі і эмоцыі густа запоўненых Раўбіч, як у хвіліны трыумфу і Домрачавай, і Скардзіны ў часы прафесійнай кар'еры. І, нарэшце, тыя імгненні, з-за якіх ніхто не сыходзіў раней часу. Неўзабаве спарткомплекс у Мінскім раёне запоўніўся феерверкам і лазерным шоу - усё ў гонар нашых праслаўленых спартсменак.

І вось менавіта тады мы зразумелі, наколькі дзіўныя сюжэты стварае спорт. Калі без перабольшання легендарныя спартсмены завяршаюць кар'еру, мы пачынаем разумець каштоўнасць іх.

"Гонка легенд" стала пачаткам вялікага і насычанага біятлоннага тыдня ў Рэспубліцы Беларусь. Ужо ў сераду ў Раўбічах першыя гонкі ў рамках чэмпіянату Еўропы, дзе выступяць сапраўды зоркі віду спорту, бо многія прывезлі свае моцныя саставы.