Дар'я Домрачава рыхтуецца стаць мамай

5 апреля 2016

Спартыўны свет ужо адрэагаваў на гэтую радасную навіну. Беларуска працягвае атрымліваць віншаванні. Відавочна, што вяртанне трохразовай алімпійскай чэмпіёнкі ў вялікі біятлон адкладаецца, але завяршаць спартыўную кар'еру яна не плануе. Пра гэта Домрачава паведаміла на сваім афіцыйным сайце. Што, ж да ўсіх віншаванняў далучаемся і мы. Чаго чакаць прыхільнікам біятлона, раскажа Павел Капуцкі.

Чуткі пра тое, што Домрачава і Бьёрндален пара, хадзілі даўно. Адным з першых іх пацвердзіў шведскі біятланіст Бьёрн Феры. Вось цытата з яго кнігі "Фэры Тэйлз", выдадзенай у 2015, якая апісвае падзеі 2014 года: "25 студзеня 2014 года. Оле-Эйнар застаўся за сталом... Астатнія нарвежцы праводзяць збор у Швейцарыі. Не мог зразумець, чаму ён знаходзіцца тут зусім адзін. Але ўсё стала ясна, калі я пасля абеду ўбачыў беларускую каманду, якая праязджае паміж дрэвамі. Дар'я Домрачава. Баця меў рацыю ў той раз у рускай Цюмені два гады таму, калі падумаў, што яны пара. Яны пара зараз. Не тое, што яны афішуюць адносіны. Але гэта прыкметна".

Чым далей, тым складаней было нешта схаваць. На гонцы чэмпіёнаў у Цюмені Дар'я ў партнёры па суперміксце выбрала менавіта нарвежца. Потым іх усё часцей пачалі прымячаць разам. У розных месцах. Напрыклад, на футболе. Або на зборы ў нашых Раўбічах.

Пра тое, што Домрачава чакае дзіця, распавёў будучы бацька, услаўлены нарвежскі біятланіст Оле-Эйнар Бьёрндален. Ён сабраў прэс-канферэнцыю, на якой заявіў, што працягне прафесійную кар'еру да алімпійскага 2018 года. Але пасля слоў пра цяжарнасць Дар'і, падавалася б, галоўная навіна адышла на другі план.

Оле-Эйнар Бьёрндален, васьміразовы чэмпіён Алімпійскіх гульняў: "Як многія ведалі, мы з Дар'яй шмат гадоў былі добрымі сябрамі. З часам гэтыя адносіны перараслі ў штосьці большае, і зараз мы пара. Дзеці - адна з галоўных каштоўнасцяў у жыцці. Я вельмі шаную тое, што ў мяне будзе магчымасць атрымаць гэты вопыт".

Усё стала ясна пасля заявы Дар'і на яе афіцыйным сайце. "Наша жыццё шматграннае. І так важна самыя значныя ў ім мэты ажыццявіць своечасова. 30 гадоў - выдатны ўзрост для нараджэння дзіцяці. Увосень я стану мамай! Гэтая падзея запланаваная і вельмі жаданая. Сёння гэта самае галоўнае, што адбываецца ў маім жыцці! У сувязі з гэтым жадаю трохі супакоіць сваіх спартыўных балельшчыкаў. Я працягваю ўмераныя трэніроўкі пад назіраннем спецыялістаў і буду вельмі імкнуцца вярнуцца да гонак у студзені. Вядома, я мяркую, што будзе няпроста, але я, як заўсёды, гатовая сур'ёзна працаваць, крок за крокам вяртацца ў добрую спаборніцкую форму, і ўжо вельмі сумую па духу вялікага біятлона".

Дар'я плануе вярнуцца ў біятлон ужо ў студзені. Ці рэальна так хутка аднавіцца? Анастасія Кузьміна, Ліў-Грэтэ Пуарэ, Ганна-Карын Зідэк - усе яны змаглі. Але самы яркі прыклад - францужанка Мары Дарэн Абэр. На восьмым месяцы цяжарнасці яна працягвала трэніроўкі: і бегавыя, і стралковыя. І ў гэтым жа сезоне Абэр узяла тры залатыя медалі на чэмпіянаце свету ў Халменколене.

На дваіх у Дар'і і Оле-Эйнара 11 залатых алімпійскіх медалёў. У 2018 годзе ў Пхёнчхане пройдуць 32-я зімовыя Гульні. Калі ўсё пойдзе па плане, і Домрачава, і Бьёрндален выступяць у Паўднёвай Карэі. Але вось ці будуць медалі такія важныя, як раней? У спорце яны і так ужо дамагліся ўсяго. А вось дзіця і для Дар'і, і для Оле стане першым.