Даніэль Мукетэ заваяваў залаты медаль па дзюдо на Сусветных ваенных гульнях у Кітаі

21 октября 2019

Трыумф беларускага дзюдо на Сусветных ваенных гульнях у Кітаі. Даніэль Мукетэ заваяваў першы медаль, прычым найвышэйшай годнасці, у скарбонку нашай каманды. Беларускі спартсмен стаў лепшым у спаборніцтвах па дзюдо ў вагавой катэгорыі да 100 кілаграмаў, перамогшы ў вырашальнай сутычцы француза Седрыка Алівара. Спаборніцтвы праходзяць пад дэвізам "Умацаванне сяброўства і выстройванне міру". На працягу 10 дзён больш за 9 000 спартсменаў-вайскоўцаў з 109 краін змагаюцца ў 27 відах спорту. Адзначым, Даніэля завуць спадчыннікам вялікага беларускага спартсмена Ігара Макарава, які менавіта ў гэтай вагавой катэгорыі ўзяў золата Алімпійскіх гульняў 2004 года.