Д.Пяскоў: "Учынак беларуса годны захаплення"

8 сентября 2016

Рэакцыя паступіла і з боку расійскіх афіцыйных асоб. Прадстаўнік МЗС Расіі Марыя Захарава, у прыватнасці, заявіла, што грамадзянін Беларусі Андрэй Фомачкін, які пранёс флаг Расіі на цырымоніі адкрыцця Паралімпійскіх гульняў, з'яўляецца героем. А прэс-сакратар Прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў заявіў, што ўчынак беларуса годны захаплення.

Актыўна абмяркоўваюць пазіцыю беларускіх паралімпійцаў і на інтэрнэт-пляцоўках.

У артыкуле расійскага партала навін "Лента.ру" з'явілася меркаванне віцэ-прэзідэнта Паралімпійскага камітэта Расіі, 13-разовай паралімпійскай чэмпіёнкі па лёгкай атлетыцы Рымы Баталавай. Спартсменка не толькі выказала сваё адабрэнне рашэнню беларускіх атлетаў, але і прапанавала ўзнагародзіць ордэнам Дружбы Андрэя Фомачкіна, які нёс трыкалор.

Адзін з найбуйнейшых медыяпарталаў Расіі Russia Today таксама апублікаваў серыю матэрыялаў у падтрымку гэтай ініцыятывы і сабраў каментарыі не толькі з краін СНД, але і з-за мяжы. Большасць адзначае адвагу ўчынку і дзякуе беларускім атлетам.

А некаторыя расійскія СМІ ў знак салідарнасці дадалі колеры беларускага флага на старонкі сваіх сайтаў у Інтэрнэце.