Д. Домрачава: Пранесці флаг Беларусі на закрыцці Алімпійскіх гульняў у Пхёнчхане - вялікі гонар

26 февраля 2018

Пранесці флаг Беларусі на закрыцці Алімпійскіх гульняў у Пхёнчхане - сапраўды вялікі гонар. Пра гэта распавяла ў Сетцы чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар'я Домрачава. "Вельмі радая, што стала сцяганосцам на цырымоніі закрыцця, марозна было, але так цёпла на душы", - адзначыла спартсменка.

Нагадаем, урачыстая цырымонія закрыцця Гульняў адбылася напярэдадні. Камфортныя мінус 5 дазволілі правесці яркае шоу. Па традыцыі алімпійцы краін-удзельніц урачыста з'явіліся на стадыёне перад сваімі прыхільнікамі. Запамінальным момантам стала перадача алімпійскага флага наступнай сталіцы зімовых Гульняў - 2022 Пекіну. Для Беларусі паўднёвакарэйскія Гульні сталі аднымі з самых паспяховых у суверэннай гісторыі. 15-е месца ў неафіцыйным медальным заліку. Перамогі Ганны Гуськовай у фрыстайле, жаночай эстафетнай каманды па біятлоне і серабро Дар'і Домрачавай у мас-старце.