Cпартыўна-аздараўленчы комплекс у Салігорску штодня наведвае 1000 чалавек

29 ноября 2014
Праз два гады ў кожным раёне Мінскай вобласці з'явяцца спартыўна-аздараўленчыя комплексы. Зараз у вобласці дзейнічае 46 устаноў. Будаўнікі працуюць яшчэ на трох аб'ектах: у Валожыне, Чэрвені і Уздзенскім раёне.

А ў адзін з самых вялікіх спартыўных комплексаў у Салігорску завітала і Наталля Кезік.


Маленькі хакеіст Герман на каньках не першы год. Сёлета ў хакейнай камандзе ён нападаючы. На трэніроўкі хлопчык ходзіць амаль кожны дзень пасля школьных урокаў. Але як сапраўдны хакеіст на напружаны распарадак не скардзіцца - ён збіраецца ўпэўнена ісці да сваёй мары.


Трэніроўкі на салігорскай лядовай арэне праходзяць штодня з самай раніцы. На лёд выходзяць не толькі юныя хакеісты, але і прафесіянальная каманда. А ўжо ўвечары на катку ладзяцца хакейныя матчы альбо масавыя катанні на каньках.


Лёд у належным стане падтрымліваецца дзякуючы вось такой машыне. За дзень яна выязджае прыкладна 12 разоў: здымае самы верхні слой лёду і пакрывае яго абавязкова гарачай вадой.


Трэніруюцца хакеісты не толькі на лёдзе, але таксама і ў зале. Штодзённы бег, сілавыя практыкаванні і нават аэробіка. Сёлета тут ўпершыню набралі спартыўныя класы па хакеі, валейболе і баскетболе. Сюды дзеці прыходзяць пасля ўрокаў. Акрамя фізічнай падрыхтоўкі, у раскладзе прадугледжаны і абед.

У спартыўным комплексе для дзяцей таксама ёсць і гурткі па пяці відах спорту. Дарэчы, для дарослых гараджан прадугледжаны дзесяць відаў фітнесу і саўна. Штодня ў статысячным Салігорску комплекс наведвае амаль тысяча чалавек.

Па прыкладзе салігорскага працуе комплекс і ў Маладзечне - гэтыя два аб'екты самыя буйныя ў цэнтральным рэгіёне. Усяго ж у Мінскай вобласці іх 46. Хутка і гэтая лічба павялічыцца - у Чэрвені, Валожыне і ва Уздзенскім раёне зараз будуюць сучасныя спартыўныя залы.