Ледзь больш за гадзіну таму над алімпійскім Сочы гучаў беларускі гімн

15 февраля 2014

Цырымонію ўзнагароджання нашых спартсменак мы паказалі ў прамым эфіры. І яшчэ не раз будзем успамінаць - як гэта было. Другія суткі працягваем віншаваць Беларусь з трыумфам на Алімпіядзе. 4 медалі. Тры золаты і бронза. І самыя паспяховыя зімовыя Гульні ў гісторыі Беларусі. Тры далікатныя дзяўчыны - Дар'я Домрачава, Ала Цупер і Надзея Скардзіна - узнеслі ўсіх нас на алімп. І ад усёй краіны - не стамляемся гаварыць ім дзякуй.


Гэтыя зараз ужо гістарычныя кадры яшчэ доўга будзе ўспамінаць уся Беларусь. Наша залатая Дар'я Домрачава… Першая ў гонцы праследавання і ў індывідуальнай гонцы. Двухразовая алімпійская чэмпіёнка. Даша даказала, што яна лепшая біятланістка планеты. Дзякуючы фенаменальнай хуткасці нават адзін промах для яе не перашкода. Дакладная стральба прынесла бронзу Надзеі Скардзіне.


Яшчэ адзін залаты медаль у жаночым фрыстайле. Ала Цупер. Трайное сальта з трыма вінтамі яна выканала з мінімальнымі памылкамі і ўпэўнена прызямлілася. Наша спартсменка ўпершыню ў сезоне адважылася на скачок з каэфіцыентам больш за 4 балы. Рызыка апынулася апраўданай. А зусім нядаўна яна збіралася завяршыць спартыўную кар'еру - два гады таму нарадзіла дачку… Але вярнулася. І вяртанне атрымалася трыумфальным.


Гэты дзень сапраўды ўвойдзе ў гісторыю. 14 лютага - дзень беларускага спорту.