"Чыжоўка-Арэна" ў гэтыя выхадныя прымае самы галоўны тэнісны матч года

21 апреля 2018

Жаночая зборная Беларусі змагаецца за права застацца ў наступным сезоне ў Сусветнай групе Кубка Федэрацыі - элітным дывізіёне, у якім гуляюць 8 лепшых каманд свету. У саперніках нашых дзяўчат - тэнісісткі са Славакіі.

Перад самым пачаткам сустрэчы госці паднеслі беларускам сюрпрыз. З-за праблем са здароўем супраць Аляксандры Сасновіч не змагла згуляць першая ракетка славацкай зборнай Анна Караліна Шмідлава. Яе месца заняла Яна Чапелава. Матч трымаў у напружанні да апошняга розыгрышу. Першы сэт завяршыўся на тай-брэйку, дзе поспех быў на баку Сасновіч. У другім Аляксандра саступала 1:5, але здолела своечасова сабрацца, выйграла 6 геймаў запар і атрымала перамогу ў гэтай сустрэчы, прынесучы зборнай Беларусі першае ачко.

Услед за Аляксандрай Сасновіч на корт выйшла Арына Сабаленка. Сваю суперніцу Вікторыю Кужмаву беларуска добра ведае па выступленнях на юніёрскім узроўні. Матч зацягнуўся амаль на дзве з паловай гадзіны. Першы сэт застаўся за славацкай тэнісісткай - 6:2, у другім з аналагічным лікам выйграла ўжо Сабаленка. Трэці прайшоў у роўнай барацьбе і дзяўчаты дагулялі да тай-брэйку, у якім Кужмава літаральна вырвала перамогу ў нашай Арыны.

1:1 пасля першага гульнявога дня. Заўтра на "Чыжоўка-Арэне" супрацьстаянне Беларусь - Славакія працягнецца. Першымі на корт павінны выйсці Арына Сабаленка і Яна Чапелава. Пасля - Аляксандра Сасновіч і Вікторыя Кужмава. На парны паядынак заяўленыя Вера Лапко і Лідзія Марозава, а таксама Яна Чапелава і Вікторыя Кужмава. Аднак капітаны каманд за гадзіну да пачатку матча могуць зрабіць замены. Прамыя трансляцыі з корта на "Чыжоўка-Арэне" будзе весці "Беларусь 5". Пачатак у 12:00.