"Чыжоўка-Арэна" прымае маладзёжны чэмпіянат свету па хакеі

9 декабря 2019
Да старту самай галоўнай падзеі года ў беларускім хакеі застаецца менш чым паўгадзіны. Наша моладзевая зборная  пачне барацьбу на чэмпіянаце свету ў першым дывізіёне групы А. Форум прымае "Чыжоўка-Арэна". Задача беларускай каманды - выхад у эліту. Толькі перамога на турніры дазволіць падняцца ў дывізіён рангам вышэй. На гэты момант ўжо  згуляныя  два матчы. Нарвегія - Славенія 6:2. У другім паядынку латышы адолелі датчан 3:0. Беларусь у першым туры сустрэнецца з Аўстрыяй. І мы пераносімся на "Чыжоўка-Арэну", дзе ўжо даўно дзяжурыць здымачная група Агенцтва тэленавін.  На прамую сувязь са студыяй выходзіць Крысціна Камыш.

У гэтыя хвіліны балельшчыкі падцягваюцца на "Чыжоўка-Арэну" і запаўняюць трыбуны. На стадыёне чакаецца аншлаг. Зусім хутка пачнецца маляўнічая цырымонія адкрыцця. Гледачы ўбачаць святлодыёднае шоу і пачуюць гімн моладзевага чэмпіянату свету. Песня называецца "Fight for the dream", што ў перакладзе з англійскай "Біся за мару". Арганізатары форуму пастараліся. На арэне падрыхтавана шмат зон актыўнасцяў для фанатаў.

У першым туры чэмпіянату свету моладзевая зборная Беларусі сустрэнецца з  аднагодкамі з Аўстрыі. І гэтая каманда добра нам вядомая. Зусім нядаўна, у лістападзе,  на "Турніры чатырох нацый" у Бабруйску беларусы перамаглі "арлоў" 2:1. У параўнанні з тым складам галоўны трэнер Аўстрыі Марка Плеваль выклікаў 8 новых гульцоў з Паўночнай Амерыкі і Еўропы. Цікава, што нашы сённяшнія сапернікі лідарамі самі сябе не называюць. А іх асноўная задача - не вылецець з першага дывізіёна.

Беларуская зборная гатова. Каманда Дзмітрыя Дудзіка  доўгі час планамерна рухалася да галоўнай мэты. Яшчэ ў маі многія кандыдаты ў маладзёжку ездзілі на турнір у Сочы - ужо тады вялася работа па падрыхтоўцы да форуму. Летам праводзілі спецыяльныя зборы. Амаль чатыры месяцы працавалі хлопцы ў базавай дружыне моладзевай зборнай U-20, якая выступае ў Экстралізе Б. Яшчэ ўзмацнілі каманду прадстаўнікі мінорных ліг Паўночнай Амерыкі. Таму ўсё добра. Гэта, праўда, павінен быць слаўны бой! Нагадваем, прамую трансляцыю матча будзе весці тэлеканал "Беларусь 5". Стартавае ўкідванне ў 19:30. Хварэем за нашых хлопцаў! Няхай у іх усё атрымаецца!