Чатыры медалі прынёс зборнай Беларусі восьмы дзень II Еўрапейскіх гульняў

29 июня 2019

Дзве ўзнагароды (абедзве вышэйшай пробы)  заваяваныя  ў барацьбе.

Гімн Беларусі ў Палацы спорту  спачатку гучаў у гонар трыумфальнага выступлення Ірыны Курачкінай  у вазе да 57 кілаграмаў. З перамогай спартсменку павіншаваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. "Ты зрабіла гэта дзякуючы свайму валявому характару, майстэрству і вытрымцы - тым якасцям, якія і ў будучыні дазволяць табе трымацца на вяршыні Алімпа. Малайчына!" -  адзначыў беларускі лідар. Затым па золата паднялася  Васіліса Марзалюк (катэгорыя 76 кг). Чэмпіёнку таксама павіншаваў Кіраўнік дзяржавы. "Золата -  годная ўзнагарода за майстэрства, самааддачу і адданасць барацьбе. Ты - наш гонар!" -  гаворыцца ў віншаванні. На рахунку барцоў такім чынам  ужо чатыры медалі. У вольнай барацьбе  серабро  камандзе прынёс  Алі Шабанаў, бронзу  Аляксандр Гуштын.

Напярэдадні паспяховым выступленнем балельшчыкаў на стадыёне "Дынама" парадавалі і нашы лёгкаатлеты. Яны сталі другімі  ў камандным турніры. Спаборніцтвы праводзіліся ў новым фармаце  дынамічнай лёгкай атлетыкі. Па выніку адбораў за медалі змагаліся шэсць зборных. Гаспадароў апярэдзілі толькі ўкраінцы, трэці радок у Германіі.

У гаспадароў перамогі ў сваіх відах атрымалі  Крысціна Ціманоўская  ў спрынце, бар’ерысты  Эльвіра Герман і Віталь Парахонька, Максім Недасекаў  у скачках у вышыню і Таццяна Халадовіч  у кіданні кап’я. Апошняя паказала адзін з самых высокіх сусветных вынікаў у цяперашнім сезоне - 67 метраў 22 сантыметры.

Дарэчы, менавіта на Еўрапейскіх гульнях Таццяна Халадовіч выканала кваліфікацыйны нарматыў на Гульні чатырохгоддзя.

А на велатрэку бронзавую ўзнагароду  заваявала Ганна Церах у скрэтчы. У фінальным заездзе лепш за гаспадыню выступілі толькі чэмпіёнка  Кірстэн Вільд з Нідэрландаў і італьянка Марціна Фіданца.