Чатыры медалі прынёс беларускім спартсменам чацвёрты дзень II Еўрапейскіх гульняў

25 июня 2019

На найвышэйшую прыступку п'едэстала ўчора паднялася дзюдаістка Марына Слуцкая, Ганна Ганчарова наскакала на батуце на бронзу, таксама трэцімі сталі нашы зборныя ў баскетболе 3х3. Усе падрабязнасці ў Аляксандра Якубоўскага

Два ў адным. Марына Слуцкая на родным татамі стала і пераможніцай ІІ Еўрапейскіх гульняў, і лепшай дзюдаісткай кантынента. Спаборніцтвы ў гэтым відзе спорту маюць статус чэмпіянату Еўропы. Менавіта таму спартсмены падчас узнагароджання атрымліваюць адразу дзве ўзнагароды.

Мінчанка Слуцкая стала двухразовай чэмпіёнкай Еўропы. У 2017 годзе яна ўжо паднімалася на найвышэйшую прыступку п'едэстала. У фінале катэгорыі звыш 78 кілаграмаў беларуска доўга шукала падыход да Ларысы Цэрыч з Босніі і Герцагавіны. І ўсё ж у дадатковым перыядзе знайшла. Апанентка сама паднімае руку пераможніцы. 

Вялікія надзеі балельшчыкі злучалі са спаборніцтвамі па скачках на батуце. У сінхронных практыкаваннях Алег Рабцаў і Уладзіслаў Ганчароў сталі апошнімі праз памылку алімпійскага чэмпіёна Рыа-дэ-Жанэйра. За яго ўчора пастаяла жонка. У індывідуальных спаборніцтвах Ганна Ганчарова набрала трэцюю суму балаў. 

І да ад'езду ў студэнцкую вёску паспела зазірнуць у студыю на "Мінск-Арэне". 

У баскетболе 3х3 мужчынская і жаночая зборныя Беларусі ішлі поплеч і абедзве спатыкнуліся на перадапошняй ступені - у паўфіналах. Але выправіліся ў гульнях за бронзавыя ўзнагароды. Жаночая зборная нанесла паражэнне Германіі 21:16. Склад каманды: Марыя Івашчанка, Анастасія Сушчык, Дар'я Магаляс і Наталля Дашкевіч. 

У наступным матчы нашым балельшчыкам ізноў было за каго хвалявацца на "Палова-Арэне". Мужчынская каманда прынесла гледачам таксама пазітыўныя эмоцыі. 21:15 - мы мацнейшыя за Польшчу. 

Па бронзавыя ўзнагароды на п'едэстал паднімаліся Мікіта Мешчаракоў, Сяргей Вабішчэвіч, Андрэй Рагазенка і Максім Лютыч. У беларускім баскетболе 3х3 ёсць перспектыўныя гульцы, і значыць будуць і новыя дасягненні. Від спорту, дарэчы, два гады таму быў уключаны ў алімпійскую праграму.