Чэмпіянат свету па хакеі стартуе для нашай зборнай 5 мая

28 Красавіка 2017

Зборная Беларусі па хакеі сёння адправілася ў Бардо, дзе наша каманда і працягне падрыхтоўку да чэмпіянату свету. Нагадаю, для дружыны Дэйва Льюіса ён стартуе 5 мая матчам супраць Фінляндыі. Напярэдадні ж, у падтрымку сумеснай беларуска-латвійскай заяўкі за права прыняць сусветнае першынство ў 2021 годзе федэрацыя правяла чарговую піяр-акцыю, а Дэйв Льюіс даў прэс-канферэнцыю.

Апошнія навіны - у Станіслава Ліпскага. Два паражэнні ў нядаўніх таварыскіх гульнях ад Швецыі з агульнай розніцай мінус 7 толькі падкрэслілі слабыя месцы зборнай Беларусі: у абароне супраць масцітых хакеістаў выглядаем непераканаўча. А на чэмпіянаце свету калібр сапернікаў будзе як мінімум аналагічным. У гэтай сітуацыі попыт з вядучых гульцоў адмысловы.

Упэўнены ў гэтым і Дэйв Льюіс, які незразумела па якой прычыне адчапіў ад саставу аднаго з лепшых гульцоў сезона - Андрэя Сцяпанава. На заключнай прэс-канферэнцыі перад вылетам у Францыю канадзец такому рашэнню тлумачэнняў не дае, але пры гэтым робіць гучную заяву.

Дэйв Льюіс, галоўны трэнер зборнай Беларусі па хакеі: "Гэты склад лепшы з тых, што я выводзіў на чэмпіянат свету. Агульная мэта турніру не змянілася з таго моманту, як я ўзначаліў зборную Беларусі: на чэмпіянат едзем змагацца за медалі. Калі не ставіць высокіх задач, немагчыма дасягнуць большага, але, калі няўхільна імкнуцца да высокай мэты, рана або позна яе дасягнеш. Безумоўна, у нашым выпадку гэта адбудзецца не сёння і не заўтра - наш шлях цярністы".

Як і няпростая задача нашай краіны - заваяваць права ў 2021-м сумесна з Латвіяй правесці ў Мінску і Рызе чэмпіянат свету. У падтрымку заяўкі федэрацыя арганізавала сустрэчу з балельшчыкамі і аўтограф-сесію з хакеістамі.

На чэмпіянаце свету зборная стартуе 5 мая паядынкам супраць Фінляндыі, следам беларусаў праэкзаменуюць чэхі і канадцы, завершым жа групавы этап 16 мая матчам супраць Нарвегіі. Усе гульні пройдуць у Парыжы.

Акрамя гэтага, адной з галоўных задач, якая сёння стаіць перад Дэйвам Льюісам, - знайсці чацвярых лішніх. На чэмпіянаце свету выступяць 23 хакеісты, у зборнай пакуль 27 гульцоў.

Канчатковае рашэнне будзе прынята пасля спарынгаў у Бардо ў нядзелю і панядзелак супраць зборнай Францыі, куды нацыянальная каманда адправілася ўжо сёння.